
Няскончаная гісторыя
Зіма будзе доўгая, але можна не даць адзін аднаму змерзнуць
4 October 2023
10 снежня свет адзнача ў гадавіну Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. У гэты дзень у Осла былі ўзнагароджаныя лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру за 2022 год. Гэта праваабаронцы: старшыня беларускага праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, расійская арганізацыя «Мемарыял» і украінскі «Цэнтр грамадзянскіх свабод».
Алесь Бяляцкі не мог прыняць узнагароду асабіста; ён — адзін з беларускіх палітвязняў. Нобелеўскую прамову, складзеную з запісаў і выказванняў Бяляцкага, прачытала яго жонка Наталля Пінчук.
Напярэдадні ўрачыстай падзеі мы пагаварылі з праваабаронцамі пра выбар Алеся Бяляцкага і яго таварышаў, пра сэнс праваабарончага руху і ролю тых, хто абірае гэты шлях.
Беларуская English Русский
Андрэй Стрыжак
Наталля Сацункевіч
Аліна Стэфановіч
Уладзімір Яворскі
Анаіс Марын
кіраўнік Фонду салідарнасці BYSOL
Як вы думаеце, чаму менавіта праваабаронцы атрымалі ў гэтым годзе Нобелеўскую прэмію міру? Кім для вас асабіста з'яўляецца Алесь Бяляцкі?
Да 2022 года свет апынуўся ў стане вайны, гвалту, нецярпімасці і самаразбурэння. Мы бачым, што простыя адказы на складаныя пытанні па-ранейшаму вельмі прывабныя. Бачым прыклады дыскрымінацыі і парушэння правоў чалавека. Бачым разбуральную вайну ў Еўропе, самую маштабную пасля Другой сусветнай. Правы чалавека зазнаюць вельмі сур'ёзныя напады: папулісты правых і левых палітычных поглядаў крытыкуюць гэтую канцэпцыю, кажуць, што яна састарэла…
Між тым, ніхто не прыдумаў пакуль нічога лепшага за гэтую універсальную канцэпцыю, якую чалавецтва выпрацавала пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. І хоць яе правілы і падыходы не дазваляюць пазбегнуць канфліктаў, яны дапамагаюць хаця б мінімізаваць тую шкоду, якую людзі чыняць адзін аднаму.
Таму, напэўна, было вельмі лагічна, гуманна і глыбока па-філасофску ўручыць Нобелеўскую прэмію міру менавіта праваабаронцам. Нобелеўскі камітэт паказвае, што правы чалавека не састарэлі, яны важныя.
Алесь Бяляцкі — адзін з яскравых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (як і «Мемарыял», і «Цэнтр грамадзянскіх свабодаў»). І падчас свайго першага арышту ў 2011 годзе, і цяпер ён прыняў свядомае рашэнне заставацца ў Беларусі, хоць было зразумела, што персоны такога ўзроўню будуць жорстка пераследвацца. Бяляцкі — гэта стрыжань праваабарончай супольнасці Беларусі. Як цэнтральная фігура супольнасці, ён прымае на сябе вельмі вялікую адказнасць, і з гонарам яе нясе.
Якія гісторыі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі вам найбольш запомніліся, абурылі або ўзрушылі?
Я б узгадаў справу Вікторыі Папчэні. Гэта дзяўчынка, якая загінула «на бульбе» — яе збіў грузавік на сельскагаспадарчым полі. Здавалася б, у гэтай гісторыі вельмі мала пра правы чалавека — нейкія парушаныя рэгламенты па адукацыйным працэсе, разгільдзяйства з боку чыноўнікаў ад адукацыі... Але калі пачынаеш разбірацца ў гэтай справе, то бачыш, наколькі дзяржава бярэ на сябе права распараджацца жыццём чалавека, падвяргаць яго небяспецы і абсалютна абыякава ставіцца да яго асобы. І калі мы з маім калегам Леанідам Судаленкам (сёння ён таксама палітвязень) пачалі разбірацца ў гэтай справе, стала зразумела, што дзяржава проста цалкам распараджаецца жыццём чалавека, і гэта такая норма. Сам па сабе працэс уборкі ўраджаю з прыцягненнем непаўналетніх — гэта, па сутнасці, прымусовая праца, замаскіраваная пад працоўнае навучанне. Напрыклад, у М'янме, дзе выкарыстоўваецца прымусовая праца, такая ж практыка: чалавек не можа адмовіцца ад удзелу ў работах, у тым ліку, небяспечных для жыцця.
Гэта паказвае, наколькі дзяржава лічыць нас сваёй уласнасцю. Яна распараджаецца чалавекам: як яму жыць, з кім сябраваць, дзе працаваць, за каго галасаваць. На прыкладзе трагедыі невялікага гарадка і маленькага чалавека гэта вельмі добра відаць.
Дзяржава пераследуе і саміх праваабаронцаў. Алесь Бяляцкі і яго калегі сядзяць у турме. Як жа быць праваабаронцам, калі ты сам не абаронены? У чым тады сэнс гэтай працы?
Чалавек увесь час здзяйсняе выбар. Стаць праваабаронцам — гэта таксама аднойчы зроблены выбар. Я выдатна разумею і Алеся Бяляцкага, і Леаніда Судаленку, і ўсіх людзей, якія прынялі рашэнне заставацца са сваімі падапечнымі да канца і працаваць, пакуль будзе такая магчымасць. Я і сам быў у зняволенні. Адзін з маіх калегаў, Павел Левінаў, падкрэсліў (гаворка тады ішла пра кароткатэрміновыя арышты, хоць, думаю, гэта збольшага справядліва і для доўгіх тэрмінаў): праваабаронца застаецца праваабаронцам і за кратамі. Бо гэта ў пэўным сэнсе інклюзіўны маніторынг сітуацыі ў зняволенні, магчымасць паглядзець на турэмную сістэму знутры і зразумець, у чым сутнасць яе праблем. Вядома, гэта высокі кошт для даследаванняў.
Калі ты займаешся праваабарончай дзейнасцю ў аўтарытарнай краіне, ты павінен быць гатовы да таго, што цябе могуць пасадзіць. Гэта высокарызыкоўны выбар высокарызыкоўнай дзейнасці на карысць людзей.
праваабаронца ПЦ «Вясна»
Як вы думаеце, чаму менавіта праваабаронцы атрымалі ў гэтым годзе Нобелеўскую прэмію міру? Кім для вас асабіста з'яўляецца Алесь Бяляцкі?
Алесь Бяляцкі — чалавек, досвед зносін з якім усе ўзгадваюць з задавальненнем. Ён відавочна аптыміст па жыцці. У працы Алесь заўсёды хутка прымае рашэнні, хутка адгукаецца на запыт аб дапамозе або ўдзеле. І відавочна, што Алесь лідар: ён умее збіраць вакол сябе людзей і натхняць іх на працу, падтрымліваючы. За такімі якасцямі, я думаю, заўсёды стаіць вялікая праца чалавека над самім сабой.
Тое, што адбываецца цяпер у Беларусі, Расіі і іншых недэмакратычных краінах — вынік таго, што ў гэтых краінах доўгія гады не толькі не паважаюцца, але і цынічна парушаюцца правы чалавека. І самі людзі ў гэтых краінах, і міжнародная супольнасць на гэта доўга не рэагавалі. Зараз мы сутыкаемся з наступствамі адсутнасці гэтых двух кампанентаў: унутранай і знешняй рэакцыі. І бачым, як гэта ўплывае на іншыя краіны. Здавалася б, у мяне ёсць мая краіна, мой заборчык, у мяне ўнутры людзям добра, а тое, што адбываецца за мяжой, мяне не тычыцца. Відавочна, так гэта не працуе.
Я думаю, Нобелеўскі камітэт нагадвае, што, калі ў нейкай краіне ёсць дэмакратыя, а правы чалавека выконваюцца і паважаюцца — гэта не значыць, што гэтак жа ў гэтай краіне будзе заўтра. Задача людзей, грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў і НДА — пастаянна сачыць за тым, што адбываецца з правамі чалавека і рэагаваць на самыя малыя парушэнні. У сучасным свеце няма часу чакаць: «паглядзім, да чаго гэта прывядзе» — трэба рэагаваць тут і цяпер. Як толькі ты думаеш, што нешта не так, значыць, сапраўды нешта не так.
Думаю, што два пасланні маглі б зыходзіць ад Нобелеўскага камітэта. Па-першае, адсутнасць павагі да правоў чалавека ў краінах нашага рэгіёну прывяла да вайны і вялікіх праблем у Беларусі (напрыклад, масавых катаванняў), а па-другое, астатнім краінам нельга ні ў якім разе расслабляцца, нават калі ім здаецца, што ўсё добра.
Якія гісторыі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі вам найбольш запомніліся, абурылі або ўзрушылі?
У 2015–16-х, у самым пачатку свайго валанцёрства ў «Вясне», я шмат займалася маніторынгам мірных сходаў і судоў. Памятаю, тады судзілі за ўдзел у акцыях Леаніда Кулакова. Гэта былі першыя гады яго публічнага актывізму, першыя штрафы. Ён звяртаўся за юрыдычнай дапамогай у «Вясну», мы дапамагалі яму абскарджваць пастановы суду і рыхтаваць звароты ў міжнародныя органы. І я бачыла, як з часам змяняецца чалавек... Адзін мой калега тады сказаў: «Улада мэтанакіравана маргіналізуе актывістаў». У людзей звужаецца кола зносін: іх не бяруць на сталую працу, яны вымушаныя перабівацца выпадковымі заробкамі. Пастаянныя штрафы, пастаянная пагроза затрымання на суткі-двое-трое — гэта большасці працадаўцаў не падабаецца. З дапамогай дзяржаўных СМІ ствараецца такі «антысацыяльны» вобраз актывістаў: што гэта ненармальныя людзі, пратэстуны, чагосьці хочуць, чагосьці ходзяць — вось жылі б нармальна, ішлі б працаваць, лайдакі! Калі прынялі «дармаедскі» дэкрэт (дэкрэт №3, згодна з якім непрацуючыя людзі павінны кампенсаваць дзяржаве грошы), ён актыўна ўжываўся і супраць актывістаў. У Леаніда, немаладога ўжо чалавека (ён нарадзіўся ў 1959 годзе), з-за пастаянных затрыманняў пачаліся і пагоршыліся праблемы са здароўем. У ізалятары на Акрэсціна, дзе ён шмат разоў адбываў адміністрацыйныя арышты, адмыслова ствараліся жорсткія ўмовы: напрыклад, яму даводзілася залазіць на верхнюю паліцу на нарах, нягледзячы на хворыя ногі і суставы...
Я вельмі добра памятаю, як першы раз убачыла Леаніда ў судзе: гэта быў актыўны чалавек, які абараняў сябе на працэсе, задаючы суддзям нязручныя пытанні. А восенню 2020 года ён па стане здароўя не мог прыехаць да нас у офіс грамадскім транспартам. І вось гэтае змяненне, якое адбылося з чалавекам за вельмі невялікі тэрмін і з вельмі відавочных прычынаў — моцна ўразіла мяне.
Дзяржава пераследуе і саміх праваабаронцаў. Алесь Бяляцкі і яго калегі сядзяць у турме. Як быць праваабаронцам, калі ты сам не абаронены? У чым тады сэнс гэтай працы?
Мне складана адказваць на гэтае пытанне, таму што я таксама лічу сябе праваабаронцай, і тут я быццам апісваю сябе. Напрыклад, я хачу сказаць, што праваабаронцы — гэта вельмі смелыя людзі. Але пры гэтым сама я часта баюся...
Праваабаронцы — гэта людзі, якім звычайна не ўсё роўна. Якія хочуць дапамагаць іншым людзям. Думаю, у гэтым ёсць прыродная схільнасць або ўплыў асяроддзя, у якім чалавек вырас. Натуральна, хтосьці з нас больш адгукаецца на чалавечыя беды, а хтосьці менш.
Усё ж такі людзям вельмі ўласцівая рамантызацыя таго, што адбываецца. І таму праваабаронцы ўяўляюцца такімі героямі сучаснасці. Робін Гудамі, супермэнамі — але не марвэлаўскімі, а звычайнымі, жывымі. «Ну, ён правёў тры гады ў турме. Ну правёў і правёў, вось жа выйшаў — як быццам жывы, здаровенькі, усміхаецца». А што на самой справе за гэтым хаваецца? Калі Алесь Бяляцкі ў мінулы раз сядзеў у турме, у яго памёр бацька. Алесь не змог з ім развітацца. Седзячы ў турме, ты губляеш не тры гады (столькі Бяляцкі правёў у калоніі падчас свайго першага зняволеня), а на парадак больш, таму што сыходзяць твае сацыяльныя сувязі, сыходзяць людзі з твайго жыцця — і ментальна, і фізічна.
перакладчыца, жонка палітзняволенага праваабаронцы Валянціна Стэфановіча
Як вы думаеце, чаму менавіта праваабаронцы атрымалі ў гэтым годзе Нобелеўскую прэмію міру? Кім для вас асабіста з'яўляецца Алесь Бяляцкі?
Алесь — у некаторым родзе прыклад для мяне, таму што я ведаю яго вельмі даўно, з канца дзевяностых. Ён больш чым кіраўнік «Вясны» і начальнік майго мужа (Валянцін — ягоны намеснік). Я таксама калісьці працавала ў «Вясне», мы з Валянцінам прыйшлі туды паралельна. Таму Алесь для мяне — першы і, відаць, лепшы бос. Працаваць з ім было класна — ён выдатна разумее людзей, умее іх натхніць і матываваць.
Сёння голас праваабаронцаў вельмі важны. Крута, што ў Еўропе і ў свеце разумеюць гэта. Таму што ў нашым рэгіёне цяпер адбываецца столькі жудасных і нават, здавалася б, немагчымых рэчаў. «Вясна», як і іншыя праваабарончыя арганізацыі, дакументуе факты парушэнняў правоў чалавека і злачынстваў супраць чалавечнасці. Свет ўсведамляе, што вінаватыя ў такіх дзеяннях мусяць панесці адказнасць. Таму і ўзнагароджаныя праваабаронцы, якія, нягледзячы на страшныя рэпрэсіі ў Беларусі, як мурашы працягваюць рабіць сваю справу. Неледзячы на тое, што гэта цяжка, што гэта пагражае затрыманнямі і крымінальнымі справамі, як у выпадку з Алесем і маім мужам. Хутка над імі будзе суд — абодвум пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення. Усё гэта мусіць быць не дарма — менавіта гэта прызнае свет, і «Нобель», па-мойму, кажа менавіта пра гэта.
Якія гісторыі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі вам найбольш запомніліся, абурылі або ўзрушылі?
З апошняга — гэта гісторыя Вікторыі Онахавай-Жураўлёвай, маці 13 дзяцей з горада Пружаны, якая адбывала тры гады «хатняй хіміі» (адзін з відаў крымінальнага пакарання ў Беларусі). Яна не магла дазволіць сабе быць у бяспецы менавіта праз тое, што выхоўвала прыёмных дзяцей, якіх не магла вывезці з краіны. Яна ахвяравала сабой, і працягвае ахвяраваць — вось цяпер яна зноў адбывае 10 сутак арышту. Мы з Вікторыяй знаёмыя; мяне вельмі турбуе яе лёс.
Наогул цяжка, калі той свет, у якім ты жыла, які цябе атачаў, проста рассыпаўся. Усіх сённяшніх палітвязняў калі не ведаеш асабіста, то, я ўпэўненая, ведаеш праз два-тры поціскі рукі. Гэта тое асяроддзе, у якім ты жыла... Вось гэты — гаспадар кафэ, у якім ты піла каву, гэтая — гаспадыня культурнай прасторы, у якую ты хадзіла... Увесь твой свет рассыпаўся, таму што добрая палова людзей сядзяць, а іншыя, на шчасце, паспелі ўцячы. Таму, вядома, кожная гісторыя, асабліва калі яна адбываецца са знаёмымі людзьмі, вельмі кранае.
Дзяржава пераследуе і саміх праваабаронцаў. Алесь Бяляцкі, ваш муж і іх калегі сядзяць у турме. Як быць праваабаронцам, калі ты сам не абаронены? У чым тады сэнс гэтай працы?
Яны бачылі ў гэтым сэнс — значыць, сэнс быў. Таму што яны так вырашылі — а гэта было свядомае рашэнне: не з'язджаць з краіны, нягледзячы на ўсе сігналы і відавочныя рызыкі.
Ці могуць яны цяпер нешта рабіць? Ну вось, бачыце, Алесь атрымаў Нобелеўскую прэмію, знаходзячыся ў турме! Калі-небудзь (я спадзяюся, гэта будзе хутка) вы спытаецеся ў іх саміх, які сэнс яны бачылі ў сваіх дзеяннях.
Як жонцы мне хочацца, каб мой муж быў побач са мной... Але я разумею, што майму мужу было важна рабіць тое, што ён лічыў неабходным.
Дзяржава, вядома, трымае праваабаронцаў як VIP-закладнікаў, якіх можна выкарыстоўваць для гандлю. Я не палітычны каментатар, не прэтэндую на сур'ёзную аналітыку, але асабіста я лічу, што праваабаронцаў такімі чынам хочуць прадаць за адмену санкцый ці чагосьці яшчэ. Зняволеныя праваабаронцы, журналісты і палітыкі (кандыдаты ў прэзідэнты і чальцы іх штабоў) — гэта VIP-закладнікі.
Быць такім закладнікам — гэта ў пэўным сэнсе і стыгма. Такія закладнікі каштуюць даражэй-таму мы ніколі не ведаем, калі іх выпусцяць — першымі ці апошнімі.
Зрэшты, усе палітвязні — закладнікі. Як у пэўным сэнсе і ўсе беларусы.
эксперт «Цэнтра грамадзянскіх свабод», Украіна
Як вы думаеце, чаму менавіта праваабаронцы атрымалі ў гэтым годзе Нобелеўскую прэмію міру? Кім для вас асабіста з'яўляецца Алесь Бяляцкі?
Алесь Бяляцкі ўсё сваё жыццё займаецца праваабаронай, і адзінае, што яго цікавіць — гэта свабодная Беларусь і правы чалавека ў Беларусі. Думаю, такіх людзей не так шмат. Усё, што створана «Вясной», і тое, што сама «Вясна» працягвае працаваць — гэта вельмі вялікая заслуга менавіта Алеся Бяляцкага.
Правы чалавека — гэта антыдот, адно з галоўных сродкаў супраць вайны. Калі ў краінах будуць выконвацца правы чалавека, краіны не будуць ваяваць.
Калі б сусветная супольнасць слухала, што кажуць праваабаронцы, гэтай вайны цяпер не было б, таму што ў Расеі і Беларусі не змаглі б усталявацца такія дыктатарскія рэжымы. Калі б Расія была дэмакратычнай, калі б у Расіі выконваліся правы чалавека і свабода слова — было б цяжка кіраваць грамадскай думкай і распаўсюджваць розныя фэйкі і прапаганду. Калі ўявіць Расію нават 90-х гадоў — яна не пайшла б ваяваць на Украіну. А цяпер, калі грамадствам кіруе дыктатар, гэта сталася магчымым.
Якія гісторыі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі вам найбольш запомніліся, абурылі або ўзрушылі?
Ёсць вельмі шмат гісторый пасля жніўня 2020 года: катаванні, жорсткае абыходжанне ў міліцыі, затрыманні…
Гэтыя гісторыі нагадваюць мне тое, што адбывалася ва Украіне 2014 года.
Так, там не было такіх рэпрэсій — але было паламана вельмі шмат лёсаў, ёсць загінулыя. Але калі чалавек свядома ідзе на нейкія ахвяры дзеля свабоды сваёй краіны — гэта выклікае і захапленне. Гэта натхняе!
Дзяржава перасследуе і саміх праваабаронцаў. Алесь Бяляцкі і яго калегі сядзяць у турме. Як быць праваабаронцам, калі ты сам не абаронены? У чым тады сэнс гэтай працы?
Нідзе праваабаронцы не абароненыя. Усюды можа быць самавольства ўлады. Але ў дэмакратычных краінах існуе больш працуючых механізмаў для абароны. Ва Украіне цяпер вельмі складана пазбавіць праваабаронцаў волі, але ў мінулым было шмат крымінальных справаў супраць іх (так, у нас праваабаронцы не сядзелі ў турме, але крымінальныя справы былі).
Калі праваабаронцы сядзяць, гэта значыць, у дзяржаве ёсць праблемы з правамі чалавека. І тут, згодна з стандартам, міжнародная супольнасць павінна правесці пэўную палітыку, у выніку якой такая дзяржава альбо змянілася б, альбо, па меншай меры, адпусціла ўсіх людзей, якіх яна незаконна ўтрымлівае ў турме. Але, на жаль, я такой палітыкі ў адносінах да Беларусі ня бачу. І гэта праблема.
Я сам пражыў у Беларусі каля васьмі гадоў. Мяне выгналі з краіны і таксама маглі пасадзіць. Мне трэба было ратаваць дзіця, і я з'ехаў. У нас дома былі два ператрусы, кожны па шэсць гадзін. І ўвесь гэты час з намі размаўлялі супрацоўнікі КДБ. Гэтыя размовы паказалі: яны нас лічаць ворагамі і ўпэўненыя, што мы разбураем той свет, які яны ствараюць. Таму што правы чалавека руйнуюць іх кантроль над грамадствам. І гэта для іх вельмі небяспечна, яны гэта разумеюць. Таму яны сапраўды лічаць праваабаронцаў і журналістаў сваімі ворагамі.
Бо калі дыктатура падае, і ўзнікае прастора свабоды, то такія прадстаўнікі дзяржавы альбо нясуць пакаранне, альбо да канца свайго жыцця знаходзяцца ва ўцёках.
Я спадзяюся, што Беларусь рана ці позна стане дэмакратычнай. Тады такім людзям прыйдзецца адказаць за тое, што яны рабілі. А для гэтага павінны быць доказы: апытанні сведак, кантактныя базы ахвяр парушэнняў і г.д., — усё гэта як раз збіраюць праваабаронцы.
спецыяльны дакладчык ААН па правах чалавека ў Беларусі
Як вы думаеце, чаму менавіта праваабаронцы атрымалі ў гэтым годзе Нобелеўскую прэмію міру? Кім для вас асабіста з'яўляецца Алесь Бяляцкі?
Алесь Бяляцкі — ветэран барацьбы за правы чалавека ў Беларусі. Я ведаю яго асабіста больш за дзесяць гадоў, і ў нас шмат агульных знаёмых. Яшчэ шмат гадоў таму яго бачылі ў якасці патэнцыйнага кандыдата на Нобелеўскую прэмію.
Алесь — чалавек вельмі неганарлівы. Нягледзячы на тое, што ён даўно вядомы і з'яўляецца «суперзоркай» у сваёй сферы — яго прымалі і ў ААН, і ў розных міністэрствах, і на сустрэчах з вельмі высокапастаўленымі палітычнымі асобамі ва ўсім свеце, — ён заўсёды быў сціплым.
Мне падаецца, прысуджаючы прэмію праваабаронцам, Нобелеўскі камітэт пажадаў падкрэсліць: сёння вельмі важны мір. Украіна, Беларусь і Расея знаходзяцца ў рэгіёне, дзе ідзе вайна. Таму месэндж быў у тым, што праваабаронцы павінны быць носьбітамі ідэі: свет без павагі правоў чалавека — не стабільны свет. Ідэі пацыфізму і ідэі міжнародных стандартаў правоў чалавека ўзаемазвязаныя. Я ведаю, некаторыя ўкраінцы крытыкавалі тое, што яны павінны падзяліць Нобелеўскую прэмію з прадстаўнікамі краін-агрэсараў. Але мне здаецца, гэтае пасланне камітэта — пра цярпімасць. Нягледзячы на тое, што Расія і Беларусь з'яўляюцца суагрэсарамі супраць Украіны, у гэтых краінах ёсць людзі, якія змагаюцца за правы чалавека, за мір і за павагу ўсіх стандартаў міжнароднага права і правоў чалавека, у тым ліку права на свабоду і бяспеку.
Дзяржава пераследуе і саміх праваабаронцаў. Алесь Бяляцкі і яго калегі сядзяць у турме. Як быць праваабаронцам, калі ты сам не абаронены? У чым тады сэнс гэтай працы?
Які сэнс для мяне быць спецдакладчыкам? Бо гэта з'яўляецца валанцёрскай працай, я аддаю свой вольны час і энергію дзеля іншых. Таму што гэта наша пачуццё місіі. Калі мы ведаем, што ёсць іншыя людзі, якія пакутуюць — мужчыны, жанчыны, дзеці — нам дрэнна спіцца.
З тых часоў, як чатыры гады таму мяне прызначылі на пасаду спецдакладчыка, я ў сваёй афіцыйнай якасці кожны год пішу ў Міністэрства замежных спраў Беларусі і прашу аб доступе ў краіну (бо, паводле рэзалюцыі, мне неабходна двойчы на год па 10 дзён паездзіць па краіне, правесці сустрэчы, задаць пытанні, наведаць, напрыклад, турмы). Але ўсе гэтыя просьбы заставаліся без адказу. У мяне няма доступу ў краіну, а ўрад Беларусі са мной не супрацоўнічае і не дзеліцца інфармацыяй. Таму я разлічваю на падтрымку тых, хто, у адрозненне ад мяне, можа назіраць тое, што адбываецца ў краіне, і пераправяраць інфармацыю. І беларускія праваабаронцы працягваюць дапамагаць мне, нягледзячы на ўсе рызыкі.
Зіма будзе доўгая, але можна не даць адзін аднаму змерзнуць
4 October 2023The winter will be long but we can keep each other warm
4 October 2023Зима будет долгой, но можно не дать друг другу замерзнуть
4 October 2023Catastrofa toponimică la care a fost supus Chişinăul pe parcursul secolului ХХ
2 October 2023How Chişinău Became an Epicenter of a Toponymic Disaster in the Twentieth Century
2 October 2023Как Кишинев стал местом топонимической катастрофы в ХХ веке
2 October 2023Արամ Պաչյանի նոր էսսեն՝ հիշողության, մոռացության և այսօրվա հանրային եւ մշակութային տրավմաների մասին։
26 September 2023Aram Pachyan speaks about memory, oblivion and the traumas of modernity
26 September 2023Арам Пачян о памяти, забвении и травмах современности
26 September 2023დამოუკიდებელი ქართული კინოს ისტორია და გამოწვევები
25 September 2023The history and challenges of independent Georgian cinema
25 September 2023История и вызовы независимого грузинского кино
25 September 2023