23 December 2022Belarus

Пытанні, больш складаныя за адказы

Гісторык мастацтва Кацярына Рускевіч разважае пра дваістасць беларускай прасторы, эміграцыю, дыялог і адказнасць

by Ekaterina Ruskevich
© Ekaterina Ruskevich



Беларуская   English   Русский


Амаль усе мае знаёмыя і калегі за апошнія два гады з'ехалі або з'язджаюць з краіны. Часам нехта вяртаецца. Я пакідала Беларусь некалькі разоў, кожны раз думаючы, што з'язджаю на месяц і хутка змагу паехаць назад. Спачатку з'ехала ў Расію, потым вярнулася ў Беларусь, затым ізноў была Расія, пасля — Арменія і Грузія. Спадзяюся, што я магу вярнуцца дадому і цяпер, але калі — не ведаю. Кіравацца кудысьці далей пакуль не гатовая, ды і з розных прычын не магу. То карыстаюся магчымасцю назіраць за тым, што адбываецца, звонку. І сама сабе задаю пытанні, намагаючыся зразумець, што адбываецца зараз і што будзе далей.

У беларускай культурнай і медыйнай прасторах за апошнія гады склалася цікавая сітуацыя. Пра краіну пішуць і разважаюць за межамі краіны, і большасць культурных імпрэзаў таксама праходзяць па-за яе тэрыторыяй. Сама ў сябе пытаюся: ці магу, знаходзячыся звонку, арыентавацца на інфармацыю з медыяў, якія таксама знаходзяцца за межамі Беларусі, але пішуць пра падзеі, што адбываюцца ў Беларусі? Ці магу я давяраць журналістам і іх крыніцам? Наколькі яны могуць быць аб'ектыўнымі і дасведчанымі? Ці можна быць упэўненай у тым, што інфармацыя дакладная? Бо частка яе паступае на ўмовах ананімнасці, а гэта азначае, што мне ніяк не магчыма праверыць крыніцы.

Экспертныя каментары журналістам даюць людзі, якія пакінулі Беларусь (я і сама за апошнія чатыры месяцы дала пяць каментароў пра сітуацыю з беларускім манументальным жывапісам 60–70 гадоў. Манументальнае мастацтва, пераважна мазаікі, у Беларусі працягваюць руйнаваць, нібыта «у гонар года гістарычнай памяці». Навіны пра яшчэ адну зруйнаванаую мазаіку я атрымліваю ад неабыякавых людзей. Але на свае вочы я не бачу, што адбываецца на месцы і добра разумею, што гэта ўплывае на якаць маіх каментароў).

Для большасці маіх калег і знаёмых цяперашняе жыццё за мяжой — гэта не асабісты выбар, які залежыў ад працоўных прапановаў або змены умоваў на больш камфортныя. Часцей за ўсе з’ехаць — гэта была адзіная магчымаць і вымушаная мера. Так атрымалася па розных прычынах, у першаю чаргу, палітычных. Трошкі палітадукацыі (беларусам гэта ўсе вядома, але варта яшчэ раз паўтарыць для чытачоў з іншых краін): дзевяць недзяржаўных медыяў сацыяльна-палітычнай накіраванасці зараз маюць статус «экстрэмісцкага фарміравання» і працуюць за межамі Беларусі. За два апошнія гады кантэнт 778 тэлеграм-каналаў і іншых інтэрнет-рэсурсаў быў прызнаны экстрэмісцкімі матэрыяламі. Шмат медыяў былі заблакаваныя. І жарт пра «экстрэмісцкую якасць» за апошні час даволі моцна надакучыў.

Трэба дадаць, што статус экстрэмісцкага фарміравання адрозніваецца ад статуса замежнага агента — «маркіроўкі якасці» ў суседняй краіне. За інтерв'ю «экстрэмістам» можна атрымаць сапраўдны турэмны тэрмін. Напрыклад, Дар'я Лосік, жонка асуджаннага да 15 гадоў журналіста Ігара Лосіка, за інтэрв'ю тэлеканалу Белсат зараз абвінавачваецца ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці, і гэта не адзіны такі выпадак.

У Беларусі пра такое пісаць небяспечна — менавіта таму ўсю інфармацыю пра рэпрэсіі, затрыманні і суды збіраюць і распаўсюджваюць беларускія медыі па-за межамі краіны. Каб не яны, тэма папросту сыйшла б ў цемру замоўчавання.

А што адбываецца з культурным жыццём Беларусі? Ці ёсць яно ва ўмовах несвабоды? Калі назіраць за культурнымі анонсамі, то можна ўбачыць, што асноўная частка розных падзей таксама адбываеца за межамі краінамі. Напачатку снежня ва Украіне прайшоў фестываль дакументальнага кіно пра Беларусь «1084. На межі», напрыканцы траўня — напачатку чэрвеня ў Тбілісі, Кракаве, Варшаве і Вільнюсе — фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Яшчэ да вайны ў Кіеўскім Арсенале была арганізаваная выстава «Кожны дзень. Мистецтво. Солідарність. Спротив», прысвечаная пратэстам 2020 года. Беларускі «Свободный театр» нядаўна выступаў на сцэне парыжскага Адыёна са спектаклем па творы Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы»; тэатр з Брэста «Крылы Халопа» таксама ў Еўропе, у Польшчы знаходзяцца трупа «купалаўцаў», рэжысёр Юры Дзівакоў і кампазітар Вольга Падгайская. Гэта толькі частка імёнаў ды імпрэз з доўгага спісу падзеяў беларускай культуры (якія працягваюць адбывацца) і персон (якія працягваюць працаваць). Рэлакаваныя беларускія медыі робяць культурную афішу адначасова для некалькіх краін і распавядаюць, куды «на беларускае» можна патрапіць у Вільні ці Варшаве. Мяркую, што хутка ў гэтай афішы будзе і Берлін, улічваючы, колькі людзей пераехала туды за апошнія месяцы (хоць здалёку Берлін падаецца прасторай спецыфічнай, сфакусаванай больш на сабе).

Культурнае жыццё Беларусі і раней адрознівалася «раздвоенасцю» — існаваў фармат дзяржаўны і фармат самастойна-незалежны. Зараз гэтая дваістасць набыла яшчэ і тэрытарыяльны характар. Як пашырэнне культурнай прасторы гэта нават добра. Толькі, збіраючы геаграфічную мазаіку анонсаў розных цікавых падзей, вялікіх і не вельмі, пачынаеш разважаць пра даступнасць гэтых мерапрыемстваў табе самой, (не)магчымасць ўласнай фізічнай прысутнасці, сутыкаешся з невырашальнымі задачами візавай і транспартнай лагістыкі... Вядома, пандэмія прывучыла людзей да анлайн фармату, але прывяла і да сацыяльнай дэпрывацыі. Ці адбываецца з намі цяпер адчужэнне ад культурных падзей, а разам з гэтым і ад людзей, якія ўдзельнічаюць у гэтых падзеях?

Можа быць. Але не аддаленне ўдзельнікаў мерапрыемстваў ад краіны. Як пераконваюць сябе яны самі: «дом назаўсёды с табой, ад Беларусі з'ехаць немагчыма». У такім разе ўзнікае яшчэ адно пытанне: як адбываецца «творчае пераасэнсаванне» таго, што з намі адбылося? Хто можа пра гэта казаць, а хто не? Непасрэдныя сведкі і ўдзельнікі — могуць? Безумоўна! Тады якое дачыненне да культурнай пераапрацоўкі гэтага досведу маюць тыя, хто падчас падзеяў знаходзіўся далёка? Што яны нам паказваюць: творчую інтэрпрэтацыю посттраўматычнага разладу сведкі, які назіраў за тым, што адбывалася, з-за мяжы, з бяспечнага пункту? Ці існуе такі жанр? І тады для каго гэта ўсе робіцца? Часам складаецца ўражанне, што ўдзельнікі мерапрыемстваў бачаць гэтыя падзеі толькі як прастору для ўнутранага дыялогу — па-за краінай…

А што адбываецца ўнутры, у самой Беларусі? Шчыра радуешся, калі бачыш анонсы выставаў у Нацыянальным мастацкім музеі і Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва, новыя выданні, якасныя пераклады на беларускую мову, выдатныя, няхай і рэдкія праекты архітэктараў і рэстаўратараў, напрыклад, фарбаванне былога касцёла Святога Іосіфа, калекцыйную працу Музея гісторыі горада Мінска ды іншыя. Але ўсе роўна жудасна — бо што будзе заўтра?

Перыяд з 2013 па 2019 год з сучаснага пункту гледжання ўспрымаецца як спрыяльны час для культурнага жыцця краіны. Час мяккай беларусізацыі шмат у каго выклікаў іллюзорную надзею на перспектывы і магчымасць працаваць. Але, назіраючы за тым, як імкліва ўсё разгарнулася ў адваротны бок, разумееш, што сутнасць заўсёды была та самая.

Міжволі ўзгадваецца гістарычная аналогія з двадцатымі гадамі ў маладой савецкай рэспубліцы, калі палітыка беларусізацыі скончылася справай «Саюза вызвалення Беларусi» у 1930-м годзе. Цяпер кожны тыдзень публікуюць беларускую зводку «культурных страт», чытай — рэпрэсіяў.

З сённяшняга часу ёсць вялікае жаданне сказаць шчыры дзякуй Гётэ-інстытуту, Фонду развіцця Брэсцкай крэпасці, мінскай «Галерэі Ў» і розным рэгіянальным ініцыятывам. Было шмат выдатных праектаў… Мне падаецца, ці Беларусь — гэта адзіная краіна дзе быў зачынены Гёте-інстытут? І яшчэ трошкі статыстыкі: за апошнія два гады ў Беларусі зачынілі больш за трыста некамерцыйных арганізацый (НКА). Шмат якія з іх былі культурніцкімі…

Публічная гісторыя нашай дваістасці наўпрост звязаная з прыватнай. Сітуацыя, калі знаходзішся не дома, за апошнія два гады стала такой звыклай, што амаль пераўтварылася ў норму. Шмат хто з маіх знаёмых маюць досвед падвойнай эміграцыі з Беларусі праз Украіну і далей. Эміграцыя не робіць людзей лепшымі або горшымі, часцей за ўсе яна пакідае нас сам-насам ды з пераасэнсаваннем прафесійнай і нацыянальнай ідэнтычнасцяў. У некаторых з нас было вельмі шмат укладзена ў роднае, каб пачынаць з той жа асэнсаванасцю на іншым месцы. Ад'езд дае новае пачуццё бяспекі, турботу за пакінутых, некаторым — магчымасць працаваць, але ў выпадку вымушанага і хуткага варыянту эміграцыі – вострую і цяжкую тугу па доме. Складана ўсім, некаторым больш, некаторым меньш. Хтосьці можа аб гэтым гаварыць, хтосьці вырашыў маўчаць — можа, таму, што яго не чуюць. Не ведаюць, а значыць, не разумеюць — з гэтым сутыкаюцца практычна ўсе, хто з'ехаў.
Негатыўны варыянт аднабаковых зносін — цябе не жадаюць чуць і разумець. Затое могуць публічна нагадаць і спытаць пра калектыўную віну ды савецкую спадчыну тваёй краіны, трансфармаваную ў постсавецкую сучаснасць.

Ёсць яшчэ адзін папулярны варыянт вядзення «дыялога», калі табе тлумачаць, што тваё грамадзянства тоеснае дзяржаўнай палітыцы краіны (а краіна ж — «памагаты агрэсара») і самаідэнтычнасці. Пытанне нацыянальнасці моцна спрасцілася за апошні час. У публічнай дыскусіі гэта гучыць як мінімум дзіўна, асабліва ад так званых экспертаў па краіне. Паміж тым адказ на падобныя выпады ўжо прагучаў з Осла падчас уручэння Нобелеўскай прэміі. І два гады таму, калі мае суайчыннікі абралі мірны спосаб пратэстаў. Замест таго, каб у чарговы раз разбіраць адрозненні паміж віной, адказнасцю і адценнямі постсавецкага, хацелася б зноў пачаць разважаць пра правы чалавека, каштоўнасці чалавечага жыцця і культуры, аб больш складаных вызначэннях нацыянальнага і гістарычнага.

Што тычыцца пытання пра адказнасць, азначэнні і магчымасці міжнародных прававых інстытутаў, дык у маей краіны з'явілася новая характэрыстыка — «акупаваная тэрыторыя». Азначэнне адначасова і крыўднае, і зручнае. З аднаго боку, краіна губляе сваю суб'ектнасць, з іншага, такім чынам здымаецца адказнасць за «дамапогу агрэсару». Ці можам мы ўвогуле гаварыць пра персанальную адказнасць грамадзян, якія, па сутнасці, пазбаўленыя асноўных грамадзянскіх правоў, а за спробы іх адстойваць караюцца турмой?

Мой тэкст амаль напалову складаецца з пытанняў. Можа быць, такі стан ўласцівы сёння шмат каму з маіх суайчыннікаў — застыць у незразумеласці перад будучыняй, якая малюецца нам пакуль што зусім не радаснай? Пытацца ў іншых, запытвацца адзін ў аднаго, запытваць самога сябе — і шукаць, шукаць, шукаць адказы.

LATEST