18 July 2023Belarus

Што напішуць у будучым падручніку па гісторыі Беларусі

Разважае кандыдат гістарычных навук, сведка і ўдзельнік падзей найноўшага часу

by Yauhen Krasulin
© Anna Krasulina


Тры гады ў Беларусі працягваюцца рэпрэсіі супраць нязгодных з таталітарнай палітыкай. З кожнага праса гучыць савецкая прапаганда. Свет называе нашу краіну суагрэсарам. Грамадзяне кідаюць свае дамы і ўцякаюць за мяжу… Між тым сярод палітыкаў і экспертаў ёсць тыя, хто, нават не гледзячы на ўласны несалодкі лёс, ўпэўнены, што беларуская рэвалюцыя 2020 года не толькі не пацярпела паразу, але стала пачаткам перамогі. Адзін з такіх экспертаў — кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін.

OWM звярнуўся да яго з прапановай накідаць план для будучага падручніка па гісторыі Беларусі — як калі б гэты падручнік пісалі пасля перамогі дэмакратыі.

Беларуская   English   Deutsch   Русский


Крыху метадалогіі

З аднаго боку, ідэя пісаць падручнік з перспектывы будучыні не такая ўжо безнадзейная. Працяглае знаёмства з сусветнай гісторыяй у розныя эпохі і ў розных рэгіёнах прыводзіць да думкі, што гісторыя ўяўляе сабой набор завершанай колькасці мадэляў існавання чалавечай супольнасці (як на мікра-, так і на макраўзроўнях). Яны перыядычна паўтараюцца ў часе — адрозныя ў дэталях, але аднолькавыя ў прынцыпе, што дазваляе (пры дастатковых ведах) казаць, дзе, па выніку, апынецца грамадства, калі патрапіць у тую ці іншую мадэль.

Але недарэмна Ніцшэ ў «Так сказаў Заратустра» надзяліў здольнасцю разумення паўтаральнасці падзеяў выключна звышчалавека, бо чалавек звычайны на гэта не здольны. Каб было інакш, мы, простыя людзі, даўно б спасціглі законы гісторыі і акуратна абыходзілі б тыя пасткі, якія яна раскідвае на нашым шляху. Не, канечне, гісторыя тут ні пры чым, тут віна ляжыць на чалавечых матывацыях, страхах, забабонах, зайздрасці… Але пасткі застаюцца пасткамі, як і нежаданне людзей успрымаць іх наяўнасць.

Таму пакуль мы можам казаць пра будучыню толькі на нейкім базавым, прынцыповым узроўні. Думаю, ні ў каго няма сумневаў, што Беларусь цяпер знаходзіцца ў стане дыктатуры. Як паказвае гістарычны досвед, вечных дыктатур не бывае. Таму да гадалкі можна не хадзіць: дэмакратыя ў нашай краіне пераможа. Але, думаю, падручнік па гісторыі, напісаны па прынцыпе: спачатку была дыктатура (пункт A), а ад яе краіна прыйшла да дэмакратыі (пункт B), будзе не надта інфарматыўным, карысным і цікавым.

Логіка гістарычнага падарожжа з пункту A ў пункт B абавязкова будзе мець трэці складальнік — С. Які (парадокс!) можа быць А, можа быць В, а можа ня быць імі, і ўсё гэта — адначасова. Падзеі могуць зусім не з’яўляцца тым, што мы за імі бачым, ці што нам пра іх распавядае іншы. Пры гэтым варта разумець: адна й тая ж падзея можа мець самыя розныя сэнсы. Як і ня мець іх. Адначасова.

Гістарычнае падарожжа з пункту A ў пункт B — гэта не простая лінія. І нават не акружнасць. Гэта — неверагодны па сваёй траекторыі маршрут, які можа па некалькі разоў праходзіць па тых самых месцах, перасякаць самаё сябе, а таксама змяняць кірунак, некалькі разоў трапіць не туды і ледзь там не застацца. Дасягнуўшы урэшце мэты, можна раптам высветліць, што гэта не В, а А, і вы ўвесь час давалі кругаля вакол кропкі старту. Бадай, самым геніяльным апісаннем хады гісторыі можна лічыць «Адысею» Гамэра. Гістарычнае падарожжа беларусаў у значнай ступені падобнае на яго. І не толькі ў мінулым.

Параграф 1. Траўмы і выбары 90-х

Тут у будучым падручніку па гісторыі нас будзе чакаць першае «C». Бо, з аднаго боку, тое была эпоха дэмакратыі, калі «адміністрацыйны рэсурс» не меў тых магчымасцяў уплываць на выбар людзей, якія ён набыў у далейшым. Але праблема была ў самім выбары. Беларусы знаходзіліся пад уплывам траўм, нанесеных ім дзесяцігоддзямі панавання дэмакратычнага цэнтралізму і стагоддзямі панавання ідэі перавагі «рускай культуры», «рускай мовы», «рускага народу» над «гаротным і занядбаным мужыком-беларусам».

Першае нараджала ў душах патрэбу не ў магчымасцях для самарэалізацыі, а ў моцнай цэнтральнай уладзе, якая — прыкладна як за часам СССР — «дасць нам усё». Другое не давала сфармавацца трывалай ідэнтыфікацыі менавіта з беларускай нацыяй; беларусы «падвіслі» у непаразуменні ад усяго гэтага гвалту пра нацызм, фашызм, ідыятызм усіх тых народаў, якія жадаюць адкалоцца ад «Вялікай Расіі» з ейнай вялікай культурай, мовай і газавай трубой, і пра братнія пачуцці, роўнасць і сяброўства паміж народамі, пры якіх «якая розніца, на якой мове — абы па-руску».

Вынікам гэтай падвойнай траўмы і з’явіўся выбар, які беларусы зрабілі ў 1994-м. Некаторыя кажуць, што пры іншым выбары ўсё было б іначай. Маўляў, калі б замест прарасійскага Лукашэнкі абралі нацыяналістычнага Пазняка, усё пайшло б па-іншаму. Дазволю сабе ў будучым падручніку па гісторыі з гэтым не пагадзіцца. Справа ў тым, што траекторыя гістарычнай хады залежыць не толькі ад народа, які па ёй ідзе. Існуюць іншыя цэнтры, якія аказваюць гравітацыйны ўплыў на яе, часам — досыць моцны.

У нас быў такі моцны гравітацыйны цэнтр — Расія (ён і цяпер існуе, але ў падручніку будзе дарэчна выкарыстоўваць мінулы час). І намеры гэтага цэнтра былі (канечне, з пункту гледжання будучых гісторыкаў) досыць відавочнымі: аднавіць Расійскую імперыю.

Панаванне партыйнай наменклатуры было знішчана разам з СССР высілкамі новага расійскага кіраўніцтва. І як у свой час кастрычніцкі пераварот 1917-га даў магчымасць народам, што ўваходзілі ў Імперыю, утварыць свае нацыянальныя дзяржавы, так і распад СССР зрабіў тое ж. Але як потым бальшавікі пачалі зноў «збіраць землі», так і «новая і дэмакратычная» Расія занялася тым самым — па тых жа схемах. Там, дзе да ўлады прыходзілі нацыяналістычныя (станоўчая канатацыя) рэжымы, адбываліся вайсковыя перавароты. Так было ў Азербайджане, Грузіі, Таджыкістане і г.д. У выніку да ўлады там прыходзілі надзейныя, правераныя часам партнёры Масквы. Няма ніякіх сумневаў, што Беларусь чакаў бы той жа лёс, калі б яна прагаласавала за Пазняка. Адбыўся б вайсковы мяцеж, выкліканы абурэннем з нагоды, напрыклад, «притеснения русскоязычных». І ўсё б так і так выйшла на вядомую нам траекторыю.

Далей — па накатаных гістарычных схемах. Калі да ўлады прыходзіць дэмагог з поўнай адсутнасцю павагі да іншых і эмпатыі, высілкі якога накіраваныя выключна на набыццё і захаванне абсалютнай улады, ягоныя захады можна проста перапісваць са старых падручнікаў па гісторыі. Першае — разагнаць парламент, а ў новы прызначыць «аўтарытэтных» людзей, зрабіўшы яго кішэнным. Потым — перапісаць Канстытуцыю на сваю карысць, адабраўшы ў іншых галінаў належную ім уладу. Далей — зноў Канстытуцыя, у якой варта зняць усе абмежаванні на магчымасць пераабірацца. Так рабілі, напрыклад, Парфірыё Дыяс у Мексіцы і Юань Шыкай у Кітайскай рэспубліцы ў канцы XІX — пачатку XX стагоддзя. Вішанька на торце — канстытуцыйная магчымасць прызначаць пераемніка. Але, калі «не да законаў», можна абыйсціся і без гэтага.

А што народ? Маўчаў, як заўжды? Тэме народа за часам дыктатуры Лукашэнкі ў падручніку гісторыі ў будучыні будзе прысвечаны асобны параграф. З найноўшымі метадамі даследвання: псіхалогія масаў, сацыяльныя наступствы дыктатуры, выбар мадэлі паводзінаў і г. д. Будуць, канечне, улічаныя праігнараваныя ў 1996 годзе заклікі дэпутатаў Вярхоўнага Савету выступіць супраць дзяржаўнага перавароту (што можна будзе патлумачыць неразвітасцю палітычнай культуры).

Але асобная ўвага будзе звернутая на падзеі вакол утварэння гэтак званай «Саюзнай дзяржавы» паміж Расіяй і Лукашэнкам. Менавіта Лукашэнкам, бо Беларусь супраць гэтай «дзяржавы» паўстала. Памятаю тыя дні ў красавіку 1996-га, калі я быў далёка ад Беларусі і назіраў, як цынічна, з біццём шклатары на ганку Крамля і «паехаўшай» ад блізкасці маскоўскага трону галавой Лукашэнкі знішчаецца нашая незалежнасць. Рэчаіснасць выклікала рэзкае адтарганне. Карцела прачнуцца.

Менавіта беларускі народ тады вярнуў рэчаіснасці прывабнасць і сэнс. Беларусы на «інтэграцыйныя ініцятывы» адгукнуліся Мінскай вясной: міліцыянты са сваімі шчытамі і дручкамі ўцякалі ад раз’юшаных грамадзян. Утварэнне «Саюзнай дзяржавы» было засунутае кудысці глыбока ў кішэньку спадзяванняў як расійскіх «збіральнікаў земляў рускіх», так і беларускіх летуценнікаў аб расійскім троне.

Аўтары будучага падручніка па гісторыі здолеюць крытычна прааналізаваць тэзіс аб «масавай падтрымцы» рэжыма беларусамі напрыканцы 90-х. Асабіста я не ведаў нікога, хто выступаў за рэжым. У лепшым выпадку — абыякавасць: «А мне якая справа?» Крытыка ж гучала паўсюль.

Параграф 2. Рэжым і народ. На сацыяльным кантракце, альбо Стабільнасць нулявых

Сапраўды, уладу крытыкавалі паўсюль. Нават на вёсцы, якую ўсе «гарадзкія» лічылі апірышчам Лукашэнкі. Неяк у незнаёмай вёсцы да мяне падыйшлі незнаёмыя людзі і сходу запыталі: «А Вы чулі, што ўчора гэты клоўн па тэлевізары казаў?» Падчас электаральных кампаній 2006-га і 2010-га гадоў на пікетах, падчас сустрэчаў з выбарцамі мне трапляліся літаральна адзінкі, хто выказваў падтрымку Лукашэнку. (Дарэчы, перад напісаннем будучага падручніка па гісторыі варта будзе прааналізаваць сацыялагічныя даследванні, якія праводзіліся ў краіне — наконт слушнасці метадаў і іх адпаведнасці пастаўленай задачы.)

Як жа рэжым даваў рады праблеме сваёй непапулярнасці? Перш за ўсё, канечне, стары добры сацыяльны кантракт. Ты нам плоціш, а мы цябе трываем. Плюс — палітычная дэмабілізацыя. Любы аўтарытарны рэжым (а рэжым Лукашэнкі ў перыяд да 2020-га будзе, несумненна, вызначаны як аўтарытарны) імкнецца да таго, каб выключыць грамадзян з палітычнага жыцця, манаполію на якое ён пакідае за сабой. Бізнэс, культура, сацыяльная сфера, народныя танцы, назіранне за птушкамі — калі ласка. Але ў палітыку — ня лезце!

Палітыка — тлумачылі людзям — справа брыдкая. І займаюцца ёй адпаведныя таварышы. Вось, паглядзіце, маўляў, на гэтых «апазіцыянераў». Ды яны маці родную за гранты заходнія прададуць! Ды паглядзіце, яны аб’яднацца ня могуць! Абсурднасць абвінавачванняў была відавочнай. Гранты атрымлівалі ўсе: навукоўцы, спартоўцы, СМІ, няўрадавыя арганізацыі і нават «праваахоўчыя» установы. Палітыкам акурат атрымаць грант было складаней: для іх такога спосаба фінансавання проста не прадугледжвалася.

І была мантра ў бок палітыкаў: «Ну калі ж яны ўсе аб’яднаюцца?!» Нідзе і ніколі ў гісторыі не было такога, каб усе былі адзіным маналітам. Нават у сталінскім СССР і Паўночнай Карэі. Рознагалоссі і нязгода — гэта нармалёва. За кошт гэтага ідзе развіццё. Напрыклад, у 2006-м электаральная кампанія апазіцыі была больш эфектыўнай за кошт двух кандыдатаў — Мілінкевіча і Казуліна. У кожнага быў свой стыль і свае аргументы, якія станоўча ўспрымаліся грамадзянамі. Тое самае — ў 2010-м, калі апазіцыйныя сілы вылучылі дзевяць кандыдатаў. Дзевяць камандаў вялі перадвыбарчую агітацыю. Хочаце адзінага кандыдата? Дык той, хто з апазіцыі пройдзе ў другі тур, той і будзе «адзіным». Але так было б, калі б у краіне былі сапраўдныя выбары. Бяз гэтага і аб’яднане асаблівай ролі ня грае.

Рэжым досыць эфектыўна здолеў нарадзіць у беларусах недавер да лідэраў апазіцыі. Тут сваю ролю адыгрывала яшчэ адна «дапушчальная С». Праблема ў тым, што беларусы, хоць і імкнуліся да дэмакратыі, але лідэрам яе бачылі, усё ж, не абранага народам чыноўніка, а моцнага правадыра, які прыйдзе і ўсе праблемы рукамі развядзе. Траўма ўсіх народаў, якія перажываюць дыктатуры. Людзі проста ня могуць уцяміць, што пры дэмакратыі яны самі мусяць браць на сябе адказнасць за свой лёс і лёс сваёй краіны, а задача ўлады — утварыць для гэтага спрыяльныя ўмовы. У гэтай гульні яны бачаць сябе дзецьмі, якіх дарослыя — улады — мусяць карміць, апранаць, і не караць надта строга. Людзям цяжка паверыць, што дарослыя — яны.

Яшчэ адзін момант, які будзе адзначаны ў падручніку і запісаны ў метадычкі ўсіх аўтарытарных рэжымаў: нязгодных беларусаў атрымалася пераканаць, што яны — у меншасці. Аб гэтым сведчылі размовы з людзьмі ў нулявых: «Вось мы з табой — супраць рэжыму. А астатнія ж — за».

Між іншым, гэта вельмі эфектыўны спосаб трымаць грамадства ў падпарадкаванні: пераконваць нязгодных, што толькі яны стаяць на іншых пазіцыях, а ўсе астатнія — падтрымліваюць уладу. І што выступаць супраць большасці — сабе даражэй.

© Yauhen Krasulin
Параграф 3. Дваццаты год: перамога ці параза?

Вось толькі праблема: гэты метад доўга не працуе. Непапулярны рэжым у барацьбе супраць апазіцыі сам нарадзіў сярод беларусаў чаканні перамен. Больш за тое, намаляваў вобраз новага лідэра: сучаснага, дэмакратычнага, паспяховага. І як толькі на гарызонце з’явілася такая фігура, беларусы яе пазналі. Віктар Бабарыка быў вельмі падобны да таго, каго чакалі.

У будучым падручніку будзе абавязкова запісана: нельга казаць, што беларусы ў 20-м «прачнуліся». Яны не спалі. Проста яны чакалі, калі ж з’явіцца той «вярняк», які, урэшце, зваліць Лукашэнку. Убачыўшы лідэра, беларусы акрыялі і кінуліся на вуліцы. Гэтая прага здзяйснення жадання была настолькі моцнай, што нават выдаленне Віктара Бабарыкі, галоўнага прэтэндэнта на кандыдата, з перадвыбарчай гонкі не змяніла, а толькі ўмацавала настрой беларусаў.

Узгадваючы тагачасныя размовы з людзьмі, я б сказаў, што беларусы не гатовыя былі адразу пераключыць свае сімпатыі з банкіра Бабарыкі на хатнюю гаспадыню Ціханоўскую. І тут асноўную ролю адыграў перадвыбарчы месэдж, які агучыла Ціханоўская: «Я іду не па ўладу — я іду, каб арганізаваць свабодныя справядлівыя выбары». Гэта цалкам задавальняла ўсіх і зрабіла Ціханоўскую новым спадзяваннем беларусаў. Думаю, гэты момант знойдзе сваё пачэснае адлюстраванне ў будучым падручніку.

Ці былі падзеі 2020-га перамогай беларусаў? Гэта пытанне наўрад ці паўстане ў будучым падручніку гісторыі. Але цяперашнім спрэчкам вакол яго ўвага, безумоўна, будзе нададзена.

Бо цяпер ідзе вайна нерваў. Пераможцам выйдзе той, хто пратрымаецца долей. Калі адзін з праціўнікаў прызнае сваю паразу, гэта будзе перамогай іншага. А калі рэжым прымусіць беларусаў паверыць, што ў 20-м яны прайгралі, ён атрымае добры шанец працягнуць сваё існаванне. І рэжым будзе выкарыстоўваць усе магчымасці, каб дасягнуць гэтага.

Складаная траекторыя гістарычнага працэсу ў сваіх скрутках, сапраўды, можа ўтварыць уражанне, што для дабра ўсё скончана, і зло перамагло. Але ілюстрацыяй і навукай тут можа быць лёс Штэфана Цвайга, які ў лютым 1942-га разам з жонкай скончыў жыццё самагубствам. Да таго часу нацысты падмялі пад сябе амаль усю Еўропу, і сітуацыя на Усходнім фронце не дазваляла глядзець з аптымізмам на лёс СССР у процістаянні з Гітлерам. Японцы захапілі амаль увесь бесейн Ціхага акіяну, іх самалёты ўжо былі заўважаныя ў нябёсах Аўстраліі. Цвайг расцаніў гэта адназначна. Відавочна, што зло перамагло, і больш не будзе дабра, свабоды, еўрапейскай цывілізацыі… Цвайг не жадаў жыць у такім свеце і прыняў атруту.

А вось Брытанія не паверыла, што ўсё скончана. І Злучаныя Штаты не паверылі. І СССР не паверыў. І нават Францыя. Ну, прынамсі, некаторая ейная частка. І яны перамаглі. Нават Францыя. Бо ты не прайграў, пакуль не прызнаў сваю паразу. Як можна казаць, што ты прайграў, калі барацьба яшчэ не скончана? Таму ў ніякіх падручніках не напісана, што Брытанія, ЗША, СССР у 1941-м прайгралі. Як не прайгралі яны ні ў 42-м, ні ў 43-м, ні ў 44-м.

Прыклад Цвайга дэманструе, што ёсць людзі з завышанымі чаканнямі, якія лічаць, што, калі перамогі няма цяпер, дык яе не будзе ніколі. Так, цяпер вораг наступае. Але гэта зусім не значыць, што мы ўжо пацярпелі паразу.

У 20-м беларусы адназначна перамаглі рэжым Лукашэнкі, які пачуў гучнае: «Сыходзь!» Ягонае жыццё ніколі ня будзе такім бесклапотным, якім было раней. Ён цудоўна разумее, што беларусы не перагарнулі старонку, як бы хто не сцвярджаў адваротнае.

Кантрольнае заданне: не вярнуцца да старога

Зло, супраць якога выступілі беларусы, апынулася больш маштабным, чым падавалася. Гэта тое самае зло, якое спадзяецца на аднаўленне Імперыі і актыўна займаецца «збіраннем земляў». У 20-м, калі рэжым хістаўся, яно абвесціла, што накіруе ў Беларусь сваю нацыянальную гвардыю і нават войскі, каб не даць беларусам звергнуць Лукашэнку. Калі, убачыўшы сілу народнага гневу, беларускія прапагандысты здрыгануліся ў сваіх эфірах, зло даслала на падмогу Лукашэнку інфармацыйны дэсант «Рашы Тудэй». Няма сумневу, што даслала б і танкі.

Цяпер мы бачым, якія планы былі ў гэтага зла. І мы разумеем: каб яго спыніць, высілкаў адной нацыі, нават добра матываванай, не дастаткова. Цяпер увесь дэмакратычны свет вядзе барацьбу з гэтым злом, і ў кожнага тут ёсць свая задача. У тым ліку — захоўваць перакананасць у перамозе.

У падручніку будучыні, канечне, будуць апісаныя ўсе метады, якія выкарыстоўвае зло. У дваццатым яго на некаторы час агаломшылі адзінства, салідарнасць, дабразычлівасць, храбрасць і ўпартасць беларусаў. У медыях нават зніклі звычайныя мантры пра «абыякавых і баязлівых», «грантасмокаў» і «ну калі ж яны ўсе аб’яднаюцца?». Але паступова рэжым ачуняў. І зноў завёў старую кружэлку, матывы якой падхопліваюцца незалежнымі медыямі: «новая апазіцыя ператвараецца ў старую». Ды не, гэта не новая апазіцыя ператвараецца. Гэта вы трапляеце ў старыя пасткі.

Галоўная мэта такіх закідаў — разбурыць адзіны палітычны цэнтр, які з’яўляецца цяпер вялікай перавагай беларусаў. Бо без палітычнага цэнтра досыць проста пазбавіць нашу нацыю суб’ектнасці. Не будзе палітычнага цэнтру — не будзе каму ўздымаць беларускае пытанне перад нацыянальнымі ўрадамі і ў міжнародных арганізацыях.

Затое з’явіцца прастора для «чалавека са стрэльбай» — для тых, хто верыць, што ўладу нараджае вінтоўка. І калі такія людзі будуць вырашаць далейшы лёс Беларусі, то траекторыя гістарычнага шляху, якую яны будуць вызначаць, увядзе нас далёка ад той мэты, дзеля якой беларусы аб’ядналіся ў 2020-ым: свабоды і дэмакратыі. І тады могуць узнікнуць сур’ёзныя сумневы, што сярод будучых падручнікаў па гісторыі будуць беларускія.

LATEST