Life Under the Table
On the eve of the unknown the Belarusian writer is playing with the past
20 December 2023
Замест таго каб падсумоўваць (па большасці сумныя) «вынікі году», мы вырашылі размясціць тут эсэ беларускай пісьменніцы, якая ў сваіх творах, ужо перакладзеных на розныя мовы, шмат распавядае пра ўласную сям’ю і родны горад у Заходняй Беларусі. Пошук і захоўванне ўспамінаў — ейны спосаб перажываць штодзённасць. У гэтым паэтычным нарысе ТС гуляецца з мінулым, апранае і корміць традыцыйнымі стравамі сваіх памерлых.
Беларуская English Deutsch Русский
Аднойчы маму наведала знаёмая, мамы равесніца.
Кватэра пад столь напоўнілася шматскладаным спалучэннем пахаў: валер'янка, смажаная цыбуля, моцная парфума. Парфума можа і не танная, магчыма, французская, але яе было зашмат. Я вырашыла ўцячы пасля таго як заварыла ім каву і падала з бутэрбродамі.
Абуваючыся ў калідоры, урвала кавалак бяседы:
— Яны зусім не такія, як мы, — прамовіў голас мамы.
— Пустата адна, — падтакнула равесніца.
— Бялізну пасцельную не крахмаляць. Не гладзяць. Не панімаю.
— Нагласць! Нагласць!
У равесніцы, нягледзячы на ўзрост, тлустая касіца, закручаная на патыліцы ў грувасткую спіраль колеру восеньскай хмары. Маміна каротка стрыжаная галава белая. Снегавое воблака. Яны разумеюць адна адну з паўслова. Калісьці равесніца працавала афіцыянткай у рэстарацыі чыгуначнага вакзала ў Трускаўцы. Я ўсё збіралася распытаць пра ейную працу.
Калі я чагосьці баялася малая, дык зрабіцца афіцыянткай. Хацелася разабрацца, чаму. Я спадзявалася, што размова з афіцыянткай дапаможа. А тая ўзяла і раптам памерла. Адзіная знаёмая афіцыянтка. З горада Трускавец. Мне вельмі падабалася гэтае слова, як і самі «трускавкі», клубніцы па-польску. Схапіла сэрца, і няма афіцыянткі. Засталіся толькі успаміны: пах, каса, ды пра бялізну.
∗∗∗
Мама вельмі сур’ёзна ставілася да гладкасці пасцельнай бялізны.
Перад праннем бялізну доўга кіпяцілі з нацёртым на тарку гаспадарчым мылам, драўлянай скалкай час ад часу запіхваючы назад у выварку надзьмутыя пузыры белай тканіны, якія супраціўляліся, нібыта спрабавалі з вываркі на волю… А там скалка. Пасля кіпячэння пралі з дапамогай пральнай дошкі. Пральнай машынкі ў нас не было. Пасля крухмалілі, паласкалі. І выкручвалі голымі рукамі.
Затым раскладаўся з жоўтага дрэва стол-кніжка, які ў складзеным выглядзе тыднямі чакаў на прасаванне за дзвярыма спальнага пакою. На стол клалася цёплае покрыва, зверху хатняя, яшчэ бабуляй тканая посцілка. І пачыналася. З літровага эмалірованага кубка мама набірала ў рот вады і праз моцна заціснутыя вусны пырскала з усёй натугі на крухмальную бялізну.
А для мяне надыходзіла лепшая частка працэса — уладкаванне жыцця пад сталом.
Гэта заўсёды адбывалася тады, калі мама на працягу некалькіх дзён (мне падавалася — месяцаў, гадоў, стагоддзяў) прасавала белую каляную крухмальную горку. Я зацягвала пад стол лялечную мэблю. Яе было досыць. Хапала, каб пасадзіць на цацачныя крэсліцы ўсіх лялечак. Пакласці на койкі самых маленькіх. Самых буйных пупсікаў сабраць вакол кухоннага стала на зэдліках. На кухні стаяў крэдэнс (так на польскі лад у нас называлі буфет) з не намаляванымі, як гэта бывае часам на лялечнай мэблі, а сапраўднымі шуфлядамі. Газавая пліта з жалезнымі канфоркамі. Шкада, запаліць яе было немагчыма. І лядоўня. Яна не падключалася да электрычнасці. Мяне гэта не пераймала. Аднойчы недаедзеную пупсікамі ежу я паклала на палічкі — і забылася. Калі ўзгадала праз нейкі час, яно ўсё там пасохла, ззелянела. Набыло новую, цалкам прыймальную ў мастацкім сэнсе форму.
Цацачная мэбля была драўляная.
Усё было як сапраўднае. Пупсікі за цацачным дзіцячым столікам пад рассоўным дарослым сталом чакалі на ежу. Я, калі ела, прыхоўвала недаедкі, каб аднесці пупсікам. Я была для іх афіцыянтка. Рэпетавала на выпадак, калі жыццё памыліцца. Збочыць не туды, куды трэба. І прыйдзецца займацца тым, што пужае.
Тлустая каса знаёміцы з Трускаўца сведчыла аб зваротным. Што праца не паганая, калі валасы не павылазілі. Але тады пад сталом ці ж я гэта ведала. Я жыла там ў ціхім паўзмроку. З усіх бакоў навісала бабуліна посцілка-абрус. Зверху пырскала на непаслухмяную бялізну мама. І бялізна ў рэшце рэшт паддавалася. Выпрастоўвалася. Маме, каб прасаваць, нічога акрамя мармытання радыёкропкі не было патрэбна. Мы не перагаворваліся. Кожная на сваім паверсе моўчкі ведала пра існаванне суседкі. Гэтага было дастаткова. Ідэальнае жыццё. Частка мяне там назаўсёды засталася.
∗∗∗
Там у пупсікаў абавязкова былі імёны.
Іх маглі зваць Саша, Юра, Саша, Юра. Гэта імёны былых аднакласнікаў. Не, гэта не «паўторкі». Гэта чатыры розныя хлопцы. Два Сашы і два Юры, якія памерлі маладымі вельмі хутка пасля школы. Адзін Саша — найпрыгажэйшы хлопчык у класе, другі Саша — нервовы, худы, з кучаравінкамі. Пра яго заўчасную смерць я даведалася праз 35 гадоў пасля школы, на новых могілках, калі выпадкова ўбачыла кучаравую галаву на помніку. Адзін Юра блага вучыўся, другі мне падабаўся. Усе хлопцы не дажылі да трыццаці. Па розных прычынах, якія абагульняе спажыванне алкаголю.
Я пачастую іх тонкімі блінамі са сметанковым маслам і цукрам. Мама па нядзельных раніцах смажыла цэлы стос бліноў, па кожным бліне расплываўся кавалачак масла, зверху сыпаўся цукар; потым стос рэзалі, як торт.
Пупсікі аднолькавыя, і апрануць іх можна аднолькава ў сінія школьныя касцюмы.
Толькі ў аднаго, які падабаўся, касцюм быў шэры, але сніцца ён мне заўсёды ў чорным. Прыходзіць раз увечары. Трымае сетку з апельсінамі ў змрочным прадпакоі. Я пытаюся:
— Чаму цябе так доўга не было? Ты ж ведаў, што я чакала.
— Справы затрымалі.
Я не пытаюся, што за справы на тым свеце. Пра гэта пытацца непрыстойна па законах сна. Забаронена нават. Проста абдымаю яго. Цалую ў самыя вусны. Ён паводзіцца стрымана, нібы прыйшоў наведаць у шпіталь. Хутка сыходзіць. Я спрабую не пускаць, дзяржу за руку. Празрыстая рука застаецца ў руцэ. Сам знікае.
∗∗∗
Пупсікаў і лялечак можна назваць мянушкамі польскай радні.
Ніхто з нас не ведаў, што яны былі падпольшчыкамі Арміі Краёвай падчас Другой Сусветнай. Усёй сям’ёй. Кватэра ў Беластоку была явачнай. Усе мелі падпольныя мянушкі. Стрыечная бабця звалася «Матка», ейны муж — «Гетман», дочкі — «Крысціна» і «Крынічанька», сыны — «Блакітны» і «Юрэк». Усе атрымалі «Крыжы заслугі з мячамі». Бабця — залаты, дочкі — па срэбнаму, сыны і бацька — бронзавыя. Па ўзнагародах уяўная перавага жанчын. На іх магілах напісаныя падпольныя мянушкі, і крыжы заслугі выгравіраваныя. Каб рассадзіць польскую радню, трэба адсадзіць ад стала аднаго пупсіка і падсадзіць трох лялечак, дадаўшы два фатэлі з гарнітура гасцёўні. І пашыць ім адпаведныя накідкі: бабці — залатую, цёцям — срэбныя, дзядулі і дзядзям — бронзавыя.
У мяне была швейная цацачная машынка.
Шыла, як спраўдная. Мама навучыла шыць на машынцы сарафаны і каптурыкі з паркалю. Умеючы шыць каптурык, накідкі змайстраваць не цяжка. Закласці і прашыць з аднаго краю матэрыі палосачку, удзець шнурок, каб завязаць на шыі. Залатыя, срэбныя, бронзавыя кавалачкі тканіны — гэта трэба падумаць, адкуль браць. Малымі хадзілі мы за дом пад ваеннае атэлье. Адтуль, бывала, выкідалі абрэзкі. Часам трапляліся сярод пашывачнага смецця кавалкі з натуральнай скуры. Нават жоўтай скуры добры шматок я знайшла неяк раз. Жоўты мог замяніць залаты. Бабці б спадабаўся, жоўтая скура не можа не спадабацца.
Польскай радні аднясу капусняк — густы суп з кіслай капусты з абавязковым дадаткам сухіх грыбоў, пераважна белых.
Гэта была маміна любімая страва па рэцэпце польскай бабці. Польскую бабцю я бачыла толькі аднойчы. Незвычайная асоба. Толькі яна насіла порткі клёш, іншыя бабці ў нас порткі не насілі. Паліла моцныя папіросы, і ўсе рабілі выгляд, што так і трэба. Бабця раздавала ўнукам польскія серабрыстыя грошыкі, нібыта выразаныя з накрухмаленай даматканай тканіны і пафарбаваныя серабранкай (якой была пафарбаваная печ у пакоі, дзе бабця іх раздавала). Іх прыемна было мацаць у кішэні, лёгкія і нічога не вартыя, толькі ў лялечнай краме разлічвацца. Бабця частавала жуйкамі «Болек і Лёлек». Я насіла з сабой жуйку ў дзіцячы садок. Усе прасілі: «Дай з рота пажаваць». Уся група па чарзе жавала. Сяброўкі са двара жавалі.
Час ад часу сяброўкі са двара завітвалі ў госці пад стол.
Мы лёталі адна да адной праз падвал. Пры кожнай кватэры пад самым домам ёсць склепы, каб захоўваць слоікі з хатнімі кансервацыямі, лыжы, санкі, бульбу, кіслыя агуркі і капусту. Падлога земляная. Святло ў калідоры падвала не гарэла. Лётаць было страшна, але праз падвал — карацей, чым па вуліцы.
∗∗∗
Татаву радню пад сталом я прыбрала б у белае.
Бо, па-першае, на здымку 1919 года, зробленым у Віцебску, прабабуля ў белай сукенцы з мярэжкай і тата, па-другое, сніўся ў белым касцюме з жылетам. Усё белае: гальштук-мятлік, фарсістыя лакавы пантофлі. Няхай тады ўсе будуць у белым, як тата з яго бабуляй, мамай ягонай мамы. І першы муж прабабулі быў белы афіцэр. Яго расстралялі напачатку чырвонага тэрору. Яго дачка, мая бабуля, насіла прозвішча айчыма, імя па бацьку мела не бацькава. Айчым дзесяць гадоў лес у Сібіры валіў. Працаваў інжынерам на ваенным заводзе, пасля выбуху доменнай печы яго асудзілі.
Бабуля была падобная да эстраднай спявачкі Клаўдзіі Шульжэнкі.
Я малая ўсім так і казала, што мая бабуля Клаўдзія Шульжэнка. Дзядуля падчас вайны быў начальнікам сувязі, вывеў сваю дывізію з атачэння, падняўшы салдат на рукапашную сутычку з ворагам. Атрымаў «Ордэн Чырвонага Сцяга». За тое, што наладзіў сувязь у цяжкіх баявых умовах, быў узнагароджаны «Ордэнам Чырвонай Зоркі». Я нічога гэтага не ведала пра дзядулю ў дзяцінстве. Дзядуля паліў файку. Я любіла пах тытуню на ўсю невялікую хрушчоўку на ўскрайку Рыгі. Калі дзядулю хавалі, салдаты неслі перад труной шмат баявых узнагародаў на чырвоных падушачках. Мне гэта не было цікава ў восем гадоў. Калі дзядулю закопвалі, салдаты, не цэлячыся, стралялі ў паветра. І было ў іх з рыжскай бабуляй тры сыны. Значыцца, пасаджу дзве лялькі — прабабуля, бабуля, і шэсць пупсікаў — прадзядуля-афіцэр, прадзядуля-айчым-інжынер, дзядуля-сувязіст з сынамі.
Пакармлю іх рыжскімі бутэрбродамі.
Лепшая вячэра, хуткая і простая. На чорны хлеб — масла, на масла — распластаная кілька, на кільку — варанае яйка кружочкамі, на яйка — цыбуля колцамі.
Ім я дала б імя адно на ўсіх: Мандросткі.
Гэта назва дваранскага герба. Прабабуля была дваранка па паходжанні. Калі даведаліся ў ваенным штабе, бо дзядуля быў ваенным з 1929 года, што жонка ўтойвала сапраўднае прозвішча, дзядулю прымушалі разыйсціся, кінуць цяжарную жонку. «Інакш вынікі будуць самыя непрадказальныя». Дзядулю выратавала вайна. Ён стаў героем. Яму даравалі свавольства.
∗∗∗
Маміна радня самая вялікая.
Сямёра дзяцей. Мамуся, татусь. Разам з імі жылі бацькі мамінага татуся. І яго родная сястра. Усе месціліся ў вясковай хаце з дзьвума пакоямі. Я ўнутры ніколі не была, хоць і дагэтуль ацалела хата над ракой. Аднойчы прасілася ў новых жыхароў — зазірнуць, як там што. Не пусцілі. Усё распыталі пра родных, я адчыталася падрабязна. Усё роўна не адчулі даверу. Дарма старалася.
Сястра дзядулі пасля першага няўдалага замужжа доўга заставалася ў сям’і брата. Маладую, аддалі за суседа, а яна праз некалькі дзён вярнулася дахаты. Нікому не сказала прычыны. У першыя дні вайны ейны былы муж загінуў. Адзіны з усёй вёскі. Яна тады выказалася: «Нарэшце падла здохла».
Яны ўсе былі простыя сяляне.
Працавалі, не разгінаючыся, ад золку да першай зоркі. Потым Саветы прыйшлі. Забралі каня ў калгас. Дзядуля тады сам адвёў яго у грамадскую стайню. Вярнуўшыся, сеў і заплакаў. Ён мог выпіць, каб палягчэла. Але дзядуля не піў алкаголь. Ёсць знакаміты ліст амерыканскаму прэзідэнту ад правадыра аднаго індзейскага племені, якое перасялялі ў рэзервацыю. Акурат падыходзіць для дзядулі: «Што азначае развітацца з хуткім канём наезніку? Гэта азначае, што жыццё сканчваецца, і пачынаецца выжыванне».
Разабралі гумно.
Кінулі трухлець за вёску ў дзядоўнік па загадзе калгаснага начальства. Гумно ставілі яшчэ да вайны. Дзядулін сябар дапамагаў, з вёскі праз раку. Гэта я даведалася выпадкова ад мамы, калі вельмі танна краўчыха ўцяпліла мне зімовае паліто. Пахвалілася маме. Яна пытаецца: «Хто гэта зрабіў?». «Ты не ведаеш». «Усё роўна скажы». Я сказала. «Дык ейны дзед з нашым татусем ставіў гумно яшчэ перад вайной». Так я чарговы раз упэўнілася, што мама ведае ўсё пра ўсіх. На гэтае самае гумно падчас вайны дзядуля прывёў хаваць маленькую дачку заможнага сябра-габрэя з горада. Босыя, загарэлыя да чарнаты, у цыпках і каросце дзеці гуляліся з тонкаскурай дзяўчынкай у карунках і лакірках, як з дарагой лялькай. Прабабуля з прадзядулям прыбраную дзяўчынку не бачылі. Памерлі па чарзе перад самай вайной. Не даведаліся (пашчасціла!), што заможны сябар-габрэй хутка забраў дачку, каб адвезці ў больш надзейнае месца. Там іх злавілі і расстралялі.
Яшчэ перад вайной прабабуля і прадзядуля сфатаграфаваліся ў габрэйскім фотаатэлье.
У 1933 годзе. Гэта адзіныя іх здымкі. Плотныя, сепійныя,
У прадзядулі гладкі лоб, у жонкі не такі. Цямнейшай сівізны валоссе. У прабабулі белая на ідэальны прабор фрызура, вусны тонкія. У прадзядулі рот пульхны. Дакладней, ніжняя губа. Над верхняй пышныя вусы кончыкамі ўверх. Франт. Прадзядуля лёгка пасміхаецца. Я толькі цяпер, разглядаючы здымкі, бачу, што прадзядуля падобны на Берта Ланкастэра, зорку амерыканскага кіно, заўсёды з усмешкай на сто зубоў у два рады. Зубоў прадзядулі не бачна, але хочацца меркаваць, што і зубамі яны падобныя. У мамы ідэальныя былі ўсё жыццё, прынамсі. Прабабуля — выкапаная блажэнная Маці Тэрэза. Рот журботны, куткамі ўніз.
Бабуля з дзядулям таксама разам сфатаграфаныя толькі аднойчы.
Гэта не парныя фатаграфіі, як у прабабулі з прадзядулям. Разам маладыя стаяць, урачыста прыбраныя, у бураках на тле маладых бэзавых кустоў. Цёмная сукенка, цёмны касцюм. Рукі ў абодвух па баках падвешаныя, як чужыя, нібы інструменты. Рукі і былі інструментамі. Глядзяць у камеру з добра захаванай стомленасцю, з блага прыхаванай годнасцю.
Ёсць здымак ужо пасляваенны на тым жа месцы.
Бабуля з усімі дзецьмі на тле таго самага бэзу. Таго, ды не зусім такога. Тут бэзавыя кусты ўжо густа буяюць. Выраз твару ў бабулі той жа. Ён захаваецца да смерці. Дзяўчынкі ў светлых сукенках, хлопчыкі ў белых кашулях. На бабулі клятчасты, па фігуры, касцюм. Я б апранула сямёра лялечак і пяцёра пупсікаў у беларускія народныя строі. Іх яны ніколі не насілі. І мне шкада.
Адно імя на ўсіх даю: Палінары. Па прадзядулі Апалінарыю. Нават мяне раз у краме назвалі Палінаравай. «Ці ты не Валі Палінаравай дачка? Вельмі падобная». Я не адразу зразумела, пра што гаворка.
Ім я падам бульбяную кішку. Надзвычай рэдкая страва: бульба на дробную тарку, падсмажаныя з цыбуляй скваркі, усё разам — у свіную кішку і на гадзіну ў духоўку. Прыйдзецца ім пацярпець больш за астатніх, але ёсць дзеля чаго.
∗∗∗
Вось мама скончыла прасаваць бялізну.
Стол адправіўся на месца за дзверы спальні. Лялечкі і пупсікі жмурацца ад яркага дзённага святла. Яны адвыклі. Столькі часу ў цемры пад сталом правялі, ледзь не аслеплі.
On the eve of the unknown the Belarusian writer is playing with the past
20 December 2023Im Angesicht der ungewissen Zukunft spielt eine belarussische Schriftstellerin mit der Vergangenheit
20 December 2023Накануне Неизвестного беларуская писательница играет с Прошлым
20 December 2023Ռուսաստանն օգտագործել է Լեռնային Ղարաբաղի հակամարտությունը որպես իր աշխարհաքաղաքական շահերն առաջ մղելու սակարկության առարկա
12 December 2023Russia used the Karabakh conflict as a bargaining chip to advance its geopolitical interests
12 December 2023Wie Russland im Spiel um seine eigenen geopolitischen Interessen den Berg-Karabach-Konflikt als Trumpf nutzte
12 December 2023Как карабахский конфликт стал разменной монетой в российских геополитических играх
12 December 2023ამბავი ქართული პოსტკონსტრუქტივიზმისა
11 December 2023The history of Georgian post-constructivism
11 December 2023Die Geschichte des georgischen Postkonstruktivismus
11 December 2023История грузинского постконструктивизма
11 December 2023Ce se întâmplă cu Biserica Ortodoxă din Moldova
4 December 2023