8 September 2023Belarus

Сам-насам з Левіяфанам

Беларуская пісьменніца пра трыста год несвабоды слова

by Dudka B.
© mus4getes


Псеўданім альбо крыптонім пад артыкулам аўтара з Беларусі — звыклая з’ява нашых дзён. Пісаць пра РБ, калі жывеш у яе ўнутры, цяпер вельмі небяспечна. Тым не менш, мы просім вядомых аўтараў выказацца ад першай асобы, і часам яны пагаджаюцца. Гэтым разам мы запыталіся ў адной з іх: як гэта — разважаць і фармуляваць ва ўмовах таталітарызму і жорсткай рэакцыі?

Беларуская   English   Deutsch   Русский


А калі было інакш?

Асаблівы беларускі шык — прызначыць таемную сустрэчу на лавачцы насупраць адзялення міліцыі альбо ў скверы, які шчыльна патрулюецца. Насамрэч цяпер любое месца, дзе б нам захацелася сустрэцца афлайн, будзе альбо насупраць міліцыі, альбо на сцежцы патруля, альбо пад пільным вокам суседа-даносчыка. Але мы сустракаемся ўжывую — аскепкі колішняй грамады, нешматлікія няз’ехаўшыя, — хоць маглі б перамовіцца, напрыклад, у зуме ці гуглміце, дзе нам нібыта нічога не пагражае. Тым не менш мы размаўляем на вуліцах свайго горада, і я кожны раз думаю, што так мы захоўваем горад за сабой.

З кожнай такой сустрэчы я выношу адну і тую ж думку: ніхто і ніколі потым не раскажа пра гэтыя маленькія, зусім не заўважныя, немагчымыя ў гераічных сюжэтах будучыні гісторыі асобных людзей, якія толькі і рабілі, што з апошніх сіл адным сваім існаваннем — дыханнем, бязмэтнай хадой па скверах, сядзеннем на лавачцы каля РАУСа, мізэрнымі зборамі на штрафы знаёмым, эстафетай жнівеньскіх кабачкоў «сярод сваіх» — змагаліся з татальнай энтрапіяй зла, пануючага навокал. «А што вы рабілі для перамогі?» — спытаюцца ў нас строгія пераможцы, і нам не будзе што ім адказаць, не будзе як апраўдацца за сваё знаходжанне ўнутры двойчы акупаванай краіны. Не расказваць жа пра лавачкі.

Сказаць па праўдзе, беларуская культура бадай і не жыла ў іншых умовах. Першым і апошнім творцам, які не вызнаў на сабе таталітарны ціск магутнай — і чужой — дзяржавы, быў, напэўна, Францішак Скарына, усходнеславянскі першадрукар. У 1517 годзе ён выдаў Псалтыр старабеларускай мовай і навучыў Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца друкарскай справе, каб тыя ўжо сталі першадрукарамі нашых усходняга і паўдзённага суседзяў. Што праўда, рабіў ён гэта ў Празе.

Зямля на усходне-заходнім памежжы, праз якую праходзілі ўсе без выключэння маштабныя еўрапейскія войны, аб’яўленыя нашымі суседзямі адно аднаму праз нашу галаву, краіна, пасярод якой спыніўся месіянскі наступ Рымскай царквы на Усход і месіянскі наступ Праваслаўнай царквы на Захад — наша тэрыторыя заўсёды была і тэатрам ваенных дзеяў па-за нашымі інтарэсамі, і прытулкам для не намі гнаных, і схованкай для не ад нас беглых, і могілкамі для не намі зняволеных. У нас і па сёння жывуць і моляцца ў сваіх мячэцях нашчадкі татараў, што некалі вылузнулі з ваяўнічых набегаў і мірна аселі на ўзбочыне іга. Тут знайшлі дом сотні тысяч габрэяў, вымеценых імперыяй за «мяжу аседласці», тут жа знайшлі спачын сотні тысяч, звезеных адусюль у менскае гета.

Беларусь была адзінай у свеце краінай, дзе ідыш быў зацверджаны ў якасці дзяржаўнай мовы (1921–1938) разам з іншымі трыма: беларускай, польскай і рускай. Гэтыя ж мовы і па сёння — «працоўныя» мовы нашых помнікаў на могілках. У нас не выключэннем, а правілам святкуюцца два Раства, тры Вялікдня, у мястэчках абавязкова па суседстве стаяць касцёл і царква, а ў буйных гарадах — яшчэ і сінагогі, і мячэці. Калі вы хочаце адшукаць зямлю, цалкам талерантную да «іншых» — вам у Беларусь.

Існаваць у такой усеагульнай талеранцыі няпроста: культурная экспансія народаў, больш ваяўнічых і менш талерантных, чымся мы, заўсёды будзе мець плён. Якая б імперыя не прыходзіла на нашыя землі, ёй заўсёды была справа да нашай мовы і нашай культуры. Беларуская мова праз ўвесь новы час, калі мы сапраўды можам казаць пра нараджэнне і ўмацаванне самога паняцця нацыянальнай ідэнтыфікацыі культурнікаў, існавала ў таталітарных умовах. Расейская імперыя, потым СССР, цяпер — падвойны ціск паміраючай імперыі і сваіх, ужо ўласных, падімперкаў. Калі вы хочаце пагутарыць з творцамі, якія маюць самы даўгі ў свеце досвед знаходжання пад прэсам — вам у Беларусь.

У рэфлексіях аб лёсе нашай культуры мы бясконца перабіраем беларускае фамільнае срэбра: разгромленыя студэнцкія суполкі філаматаў і філарэтаў Віленскага універсітэта, у якіх упершыню пачалі сістэмна вывучаць беларускі фальклор, павешанага Каліноўскага, першага беларускамоўнага публіцыста новага часу, расстралянае пакаленне міжваенных культурнікаў, што ў лічаныя гады стварылі для Беларусі ўсё магчымае мастацтва ва ўсёй сучаснай разнастайнасці, заціснутых у цэнзурныя абцугі Быкава, Адамовіча і Барадуліна, збітага амапаўцамі Някляева. Нашая паэтка Ларыса Геніюш восем год правяла ў ГУЛАГу, а пасля пражыла ўсё жыццё ў вёсцы Зэльва без пашпарту, адмаўляючыся ад савецкага грамадзянства. Калі б мы ні пісалі па-беларуску, мы пішам у зубах пачвары. Іншы раз некаторым шансціць выслізнуць куды-небудзь за шчаку і там крышачку вальней уздыхнуць, а бывае, што пачвара перастае храбусцець нашымі косткамі, каб адпачыць.

О, як расцвітае тады беларуская культура! Нібы ніадкуль раптам бяруцца і мастакі, і спевакі, і паэты, і празаікі, і ўсё — найвыэйшай якасці! (Праўда, вялікі свет не паспявае даведацца пра іх, бо спіць пачвара нядоўга, а хто там пішчыць недзе ў куце, не надта цікава свету.) Такія перыяды вельмі адноснай свабоды ў нашай культуры вычэрпваюццца літаральна гадамі: 1911–1917, 1921–1929, 1985–1994, 2015–2020. Усё. Пры гэтым і вобшукі, і ператрусы, і закрыццё выдавецтваў, і разгром часопісаў, і пераслед культурнікаў існуюць і у гэтыя гады, але ў меншым маштабе.

Таму, калі вы спытаецеся ў мяне, як гэта — пісаць ва ўмовах таталітарнай дзяржавы — я, дзіця сваёй зямлі, спытаюся ў адказ: а што, можна неяк іначай? Ідучы на чарговую сустрэчу з аднадумцам у акупаваным горадзе, я ўсяго толькі паўтараю шлях маіх папярэднікаў.

© mus4getes
Як тут жыць: чатыры стратэгіі

Што праўда, ХХІ стагоддзе дае нам шмат перавагаў. Пакуль што нас не расстрэльваюць сотнямі, больш за тое — выціснуўшы з месцаў працы, з публічных пляцовак, закрыўшы нашыя слабасільныя выдавецтвы, дзе мы ў лепшыя часы выдаваліся накладамі ў сто асобнікаў (пяцьсот — гэта для самых топавых, да якіх стаялі чэргі па аўтографы), нас пакуль не прымушаюць пісаць хваласпевы вялікаму правадыру. Ніхто не ламае нас цераз калена, як ламалі за Сталіным; не хочаш — не пішы. Проста маўчы, і будзе табе шчасце. Але мы сёння яшчэ можам не маўчаць, можам нават выдавацца за мяжой, друкаваць свае самыя небяспечныя тэксты, няхай пад псеўданімамі. Канешне, гэтаксама, як і сто, і дзвесце гадоў таму, мы не можам размахнуцца на эпапею альбо вялікую паэму, бо кожную раніцу чакаем арышту, і гэта сапраўды стрымлівае… Але верш, апавяданне, пераклад — гэта можна паспець за суткі, у якія за табой дакладна не прыйшлі. Мы не курчымся ад голаду, не чакаем бамбёжкі, нашы дзеці спяць ва ўтульных ложках, ды і самі мы ляжым, утаропіўшыся ў столь у цяжкой бессані, усё ж не на каменні.

Але кожнае слова і сапраўды даецца цяжка. Прорва паміж тым, што мне хацелася б напісаць — і тым, што я пішу, іншы раз падаецца непераадольнай.

Разважаючы над тым, што ж перашкаджае мне быць сапраўды вольнай у сваёй думцы і сваім слове, я нядоўга ківаю на самацэнзуру, пракляты ўрад і ненавісных сілавікоў. Калі шчыра, не ў іх справа.

Падаецца, справа ў тым, што я знаходжуся ўнутры таго зла, якое ўвязніла мяне. Я не магу спасцігнуць памеры, абрысы і паводзіны Левіяфана, пакуль я боўтаюся ў ягоным страўніку. Я не магу нават аддацца біблійнаму енку і ветхазаветным малітвам, якім аддаваўся Ёна ў чэраве вялікай рыбы, пасланай яму самім Богам. Бог пасылае абраным творцам кітоў, а хто пасылае нам нашых Левіяфанаў?

Культура ёсць супольнай рэфлексіяй чалавецтва: праз яе мы аналізуем, асэнсоўваем, ставім пытанні, спрабуем зразумець, вылучыць галоўнае, нарадзіць дыскурс, адлюстраваць уяўнае, летуцець аб няісным. На гэтым бясконцым шляху ў кожнага вандроўніка — свой памер творчай цікавасці, адказнасці і магчымасці. Наш беларускі радавы праклён — рэфлексаваць над тым, што ты бачыш знутры той пачвары, чые біялагічныя рытмы ад нараджэння задаюць рытм твайму сэрцу.

Часта пытаюцца: чаму беларуская літаратура такая змрочная?

Калі чарговы раз у публічнай прасторы гучыць гэтае сакраментальнае пытанне, у Левіяфана пачынаецца ікаўка — гэта ў ягоным чэраве дружна рагочуць змрочныя беларускія культурнікі.

Мы ўшчэнт інфільтраваныя імперыямі, што спрабавалі нас знішчыць. У дзяцінстве нам расказвалі чужыя казкі, у храмах да нас звярталіся на чужых мовах, у школе ў нас выхоўвалі любоў да чужых класікаў — і ахайна, скрупулёзна вырошчвалі комплекс нашай уласнай культурнай непаўнавартасці, складаючы праграму нацыянальнай літаратуры з ня лепшых твораў. І нават калі мы тым ці іншым шляхам прыходзілі да сваёй мовы як да мовы творчага выказвання — у родах ці пад бізуном мы крычалі на мове чужой. І як ахвяра згвалтавання адчувае ўнутры сябе дзіця гвалтаўніка — мы таксама ўвесь час разрываемся паміж чорнай нянавісцю і пакутнай любоўю да таго, што без нашага дазволу жыве ўнутры нас.

У параўнанні з гэтым трохсотгадовым татальным культурным гвалтам ці можа нас уразіць таталітарная палітычная ўлада? Наўрадці. Яна толькі бярэ ўсё гэта ў рамачку.

Стратэгіі існавання ўнутры гэтага падвоенага таталітарызму для творцаў таксама не мяняюцца стагоддзямі. Іх толькі чатыры. Поўная сервільнасць, якая ў такіх умовах заўсёды патрабуе здрады, подласці і творчай стэрыльнасці. Кампраміс, пасярод якога ты можаш, вылузваючыся і хітруючы, прамовіць нешта неабавязковае, але прынамсі прыкметнае на фоне тваіх сервільных калегаў. Партызаншчына, якая дазваляе табе выказвацца, але пакідае сур’ёзную рызыку застацца непачутым. І, нарэшце, гераічнае змаганне, якое скончыцца тым, што тваё кароткае, але яскравае жыццё будзе і глыбейшым, і цікавейшым за тое, што ты паспееш зрабіць для мастацтва.

Між тым, мы ўсё яшчэ ёсць, хаця ўжо трыста разоў павінныя былі памерці.

Культурная партызаншчына. Сродкі і мэта

Калі пакінуць без увагі адвечныя і бясконцыя спрэчкі і свары беларусаў аб тым, хто з іх больш зрабіў для маці-Радзімы, калі адрынуць прагу помсты і крыўду за змарнаваны лёс, — кожны з нас нешта робіць для таго, каб нашае слова пра сябе ўсё ж жыло ў часе і прасторы. Сервільныя захоўваюць хай сабе дэкаратыўнае, але ж права мовы існаваць, хаця б для таго, каб абарыгены на ёй хваласпевілі сваёй метраполіі і свайму туземнаму правадыру. Кампрамісныя зрэдку працягваюць праз шчылірны і адтуліны цэнзуры у публічную прастору туманныя згадкі і зашыфраваныя сэнсы. І першых, і другіх пакрысе вывучаюць у школах, і таму для нашых дзяцей ўсё яшчэ застаецца сцежка ў беларускі лес.

А там, канешне, партызаншчына — нашая ўлюбёная нацыянальная забава. Я б магла шмат расказаць пра слаўнае партызанскае племя, але не стану — кожнае публічнае слова можа абярнуцца пераследам, гвалтам і смерцю. Раз-пораз нехта з таемных сыноў беларускага лесу апынаецца на авансцэне — і тады папаўняецца спіс нашых герояў, без часу загінулых, але цяпер ужо ўсім вядомых і пранізліва, па-сапраўднаму любімых.

Цяпер і на ўласным досведзе мы спасцігаем, як уплывае культурны імперскі і палітычны туземны таталітарызм на творчага чалавека. Мне не вядомыя пакуты сервільных творцаў — а такія пакуты, безумоўна, існуюць. Але я добра ведаю, на што пакутуе партызаншчына.

Левіяфан моцна абмяжоўвае думку. Нават калі мы маем дастатковую адукацыю, сямейныя інтэлігенцкія традыцыі, унутраны запас дысідэнцтва і шырокае кола ўяўленняў пра сусветную культуру, наш унутраны досвед, ад дзяцінства і да сталасці — гэта досвед чалавека, над якім пануе сістэма. Ты ўнутры, а не звонку. Магчымасці тваёй рэфлексіі заўсёды невялікія, меншыя за магчымае. Барацьба за свабоду слова ў цябе заўсёды найперш барацьба з самім сабой.

Яшчэ адно: асэнсоўваць і фармуляваць некаторыя ўяўленні бывае фізічна немагчыма. Спрабуючы ўкласці ў мастацкі тэкст ўражанні ад нашай апошняй рэвалюцыі, я адчувала, нібыта з маіх унутраных ворганаў здзіраюць тоненькую плеўку, і гэты фізічны боль нельга было пераадолець. Памер, працягласць агульнай траўмы, адсутнасць выразнай надзеі на хуткую (прынамсі, бачную ў перспектыве ўласнай біяграфіі) перамогу, бездапаможнасць перад злом, немагчымасць дапамагчы ўсім тым, каму спачуваеш — гэта не мае выхаду ў слове, бо слова моцна знясіленае: яно не дапамагае пазбавіцца гвалтаўніка. Бяссэнсіца выказвання, якая мае трохсотгадовае падцверджанне досведам пакаленняў — вялікая пакута.

У турме ўсё падаецца драбязой, акрамя тваёй вязніцы. Аб чым бы ты не думаў, ты найперш думаеш пра адсутнасць свабоды. Куды б ты ні пайшоў, ты ўпіраешся ў сцяну. Ты вымушаны дзень за днём спяваць на розныя матывы адну і тую ж песню, бо іншыя песні не вартыя спеву. Ды гэтую ж самую песню да цябе спяваюць не першае стагоддзе. Кола і круг — распаўсюджаная ў нашых паэтаў метафара.

Між тым упартасць, і нават упёртасць — таксама наша якасць. Калі мы можам нешта даць свету, то гэта шматкроць адрэфлексаваны досвед бясконцага змагання за сваё права быць, без надзеі і сэнсу, але з верай і ахвярнасцю. І гэты досвед важны не толькі для жыхароў таталітарных дзяржаваў. Чалавек — жорсткая жывёла, і ён стварае таталітарны асяродак кожны раз і у кожным месцы, дзе мае для гэтага спрыяльныя ўмовы. У сям’і — значыць, у сям’і. У сяброўскіх адносінах — значыць, у іх. У працоўным калектыве, класе, творчым саюзе, партыі…

За трыста гадоў існавання ў імперыі ў нас назапасіўся добры мех творчых сродкаў, зусім непатрэбных для людзей вольнага свету: эзопава мова і прымітыўны сімвалізм, якія мусяць добра счытвацца гэткім жа спакутаваным чытачом, экзістэнцыйны гумар, які ніколі не сягае далей за плот твайго агароду, набор кодаў з цытат і імёнаў, які расшыфруе толькі свой, падрадкоўі, у якіх хаваецца галоўнае, асаблівы жанр «дрындушкі», напісанай у афіцыйнай стылістыцы з неафіцыйнымі мэтамі — усё гэта мы любім, умеем, практыкуем. Мы проста працягваем боўтацца ў чэраве, мы проста сядзім на лавачках насупраць РАУСаў і не сыходзім з вуліц нашых гарадоў. Мы даўно ведаем, што зло непераможнае, і мы не спадзяемся на светлы рай суцэльнага дабра, але кожную хвіліну мы змагаемся з цемрай — толькі тым, што існуем.

Нас папракаюць, што пішам толькі пра сябе, замыкаемся ў культурным гета, нясмела працуем з агульнасусветнымі дыскурсамі і трымаемся традыцыйнай стылістыкі. Усё так: знаходзячыся ўнутры Левіяфана, цяжка ўявіць сабе, як выглядае акіян, паўдзённыя выспы і белыя альбатросы. Тым больш — цяжка пра гэта напісаць.

Але калі потым (можа, ужо не пры нашым жыцці) вы задумаецеся раптам, з чаго гэта памёрла тая старая пачвара, тая дзікая рыбіна, што спрадвеку жэрла краіны і народы, хто ж гэта грыз-грыз — і прагрыз тую страшную смяротную дзірку, з якой ува ўсе вантробы Левіяфана хлынула атрутнае змесціва страўніка і забіла яго знутры — проста ведайце, што гэта былі мы.

LATEST
Das Leben unterm TischBelarus
Das Leben unterm Tisch 

Im Angesicht der ungewissen Zukunft spielt eine belarussische Schriftstellerin mit der Vergangenheit

20 December 2023
Russlands MitschuldArmenia
Russlands Mitschuld 

Wie Russland im Spiel um seine eigenen geopolitischen Interessen den Berg-Karabach-Konflikt als Trumpf nutzte

12 December 2023