11 August 2023Belarus

Клуб безнадзейных паэтаў

Нарыс надзвычайнай эстэтыкі ў развагах і цытатах

by Maxim Zhbankou
Ales Pushkin. Prison self-portrait© Human Rights Center Viasna


Партызан-арт — чыста беларускае вынаходніцтва. Калі твой горад захоплены, а публічнасць караецца. Калі з тэлевізара ліецца нянавісць і ў турмах забіваюць палітвязняў. Калі няма права голасу, але ёсць права на ўцёкі. Калі пашанцуе — цябе выпусцяць з краіны. Калі атрымаецца — здолееш вярнуцца. І не пашкадаваць пра гэта. Жыццёва важна — зачышчаць тэлефон. Фільтраваць кантакты. І звыкла — ўздрыгваць, калі раніцай у двары бразнуць дзверы аўто. У той час, калі нехта будуе кар’еру і ездзіць пагрэцца ў Крым. А зараз уявіце, што ў цэнтры Еўропы такое — з кароткімі адкатамі і рэгулярнымі абвастрэннямі — доўжыцца чвэрць стагоддзя. Вось і будзь тут свабодным артыстам. Вось і заставайся вольным і ганарлівым. Калі ты па факце ўсё адразу: Штырліц, Чабурашка і Казімір Малевіч.

Беларуская   English   Deutsch   Русский


“You’re a rock ’n’ roll suicide…”

David Bowie

I

Нядаўні трагічны сыход з жыцця галоўнага арт-палітвязня краіны, мастака і перформера Алеся Пушкіна — нагода сказаць пра асаблівы тып творчай асобы, які быў выхаваны і адфарматаваны беларускім рэжымам за час яго існавання. Паколькі менавіта ў ім найбольш выразна выявіліся моцныя і слабыя бакі айчыннага арт-актывізму і інтэлектуальнага супраціву.

Пачнём з двух відавочных тэзісаў. Першы: стагнацыйны квазісавецкі палітычны рэжым Лукашэнкі мог стварыць (і стварыў) толькі сувымерную яму квазісавецкую мадэль культурніцкай палітыкі ўлады. Другое: квазісавецкая мадэль культурніцкай палітыкі ў краіне незавершанага дэмакратычнага транзітыву магла ў якасці сваёй альтэрнатывы атрымаць толькі такое ж (анты)савецкае культурнае дысідэнцтва. Эстэтычны пратэст, фармальныя адхіленні без шанцаў на выйгрыш. У беларускім раскладзе счапіліся дзве недасканалыя культурніцкія тактыкі: мяккая кан’юнктурная сервільнасць і ўпарты багемны партызанінг. Два варыянты прыкладнога дызайну. Дзве гісторыі ўчорашняга дня.

Прынцыповае падабенства ў тым, што ні адна, ні другая самі па сабе (без палітычных рычагоў) не былі здольныя змяніць краіну і народ. Прынцыповае адрозненне — у тым, што сервільнасць была закліканая гадаваць пакорлівую лаяльнасць, а партызанінг — маляўнічую нязгоду.

Алесь Пушкін: «Мастацтва патрэбна вельмі рэдкім людзям. І калі яно ўжо патрэбнае, то гэтыя людзі разумеюць усё. І мая стаўка ў рэшце рэшт і ёсць на гэтых людзей». (2004) [∗]

Ales Pushkin. Prison drawingAles Pushkin. Prison drawing© Human Rights Center Viasna

II

На пачатку 1990-х у культурным полі свежай беларускай незалежнасці сышліся два спектаклі. І два кшталты культурніцкага актывізму — службова-пасіўны і пасіянарна-гіперактыўны. Магчымасці і першага, і другога ў выніку аказаліся моцна перабольшанымі.

Так, краіну не лекавалі візіты расійскіх папсавікоў, шпіёнскае кіно пра авіясакрэты, міліцэйскія раманы Мікалая Чаргінца і правінцыйны чад ураджайных «Дажынак». Але гэтак жа нацыю не выратавалі рок-зонгі Лявона Вольскага, філасафемы Валянціна Акудовіча і дзёрзкія перформансы Алеся Пушкіна.

Драма і адчайная прыгажосць ранняй беларускай арт-альтэрнатывы ў тым, што яна нязменна працавала як фактар перамен — нават калі іншых важкіх фактараў зусім не праглядалася. Галоўным і безумоўным плюсам тут быў нефарматны крэатыў, адчайная патрэба «думаць Беларусь» (па выразе асуджанага на 5 гадоў строгага рэжыму філосафа Уладзіміра Мацкевіча). Галоўным мінусам аказаўся вельмі абмежаваны канцэптуальны і стылістычны рэсурс.

Новая краіна не будавалася, а марылася. Мроілася. Збіралася з дасяжнага: самаробнай філасофіі, мазаічнай адукацыі, міжваеннага шансону, фрагментарных звестак пра замежныя арт-практыкі, савецкага дысідэнцтва, польскага радыё, эмігранцкай прэсы, правінцыйнага фасону і партызанскага куражу. І суцэльна камфортна адчувала сябе ў звыклай нішы практыкаванняў у ментальным дызайне. На тэрыторыі, пазначанай рок-н-рольнымі нацыянал-рамантыкамі як «Незалежная Рэспубліка Мроя» — зона агульнай мары. Галоўным поспехам якой быў сам факт яе існавання. Галоўнай перспектывай — падтрыманне свайго партызанскага статусу.

Алесь Пушкін: «Са мной сядзеў адзін расеец, які 17 гадоў пражыў у Беларусі. Ён мне так і заявіў, што я павінен з ім гаварыць па-расейску. Я адказаў, што Беларусь — мая зямля, беларускамоўны Пушкін тут — рэальнасць, таму ён павінен цярпець». (2012)

У полі крэатыўнага нефармату межы паміж абуджэннем нацыі, грамадзянскім актывізмам, мастацкай працай і палітычным дзеяннем былі вельмі ўмоўнымі. А таму абодвум бакам ідэйнага супрацьстаяння часта здавалася, што гэта адно і тое ж. Палітыка — перфоманс. Перформанс — палітыка. І клубны рок хістае рэжым, вулічны праход з карцінай выпраўляе мазгі электарату, пераклад кніжак набелісткі Алексіевіч на беларускую — наўпроставы выклік уладзе, а прыватныя арт-галерэі сацыяльна небяспечныя. Значыць, каб утрымаць палітычнае поле, трэба перамагчы ў культурніцкім. То бок у палітычным.

Ці трэба казаць, што тут з перамогай прамахнуліся ўсе дзейныя асобы?

Адны паверылі ў перамены як перформанс. А іншыя выявіліся гатовымі за гэта забіваць.

Ales Pushkin. Prison drawingAles Pushkin. Prison drawing© Human Rights Center Viasna

III

Раней ўсё было ясна: унутры — падполле, звонку — парад.

У часы ўмоўнай стабільнасці партызан-арт дзейнічаў па абставінах. Працаваў у соннай краіне з агрэсіўным рэжымам у адзіным магчымым ключы: праз публічную клаўнаду, мудрагелістую метафарычнасць, балаганную атракцыённасць, шыфроўку сэнсаў і беспартыйны сакрэтны дызайн. З рэдкімі — і заўсёды скандальнымі — дыверсійнымі візітамі ў публічнае поле.

А як інакш рухаць краіну і сябе без адкрытай культуры і грамадзянскіх свабод?

Скачы, каб заўважылі. Згары, каб сагрэліся.

Алесь Пушкін: «Удзел у прэзідэнцкай кампаніі паэта Някляева — гэта перформанс. Перформанс творчага чалавека, такога як я. Я таксама, дарэчы, буду балатавацца ў прэзідэнты ў 2015 годзе. Алесь Пушкін — кандыдат у прэзідэнты, прыйдзе час і вы ўбачыце гэты мой мастацкі праект». (2010)

Выжывалі толькі фрыкі. Скамарохі нашай незалежнасці.

Ды і тое пакуль рэжыму было цікава гуляцца ў вышыванкі.

Ales Pushkin. Prison drawingAles Pushkin. Prison drawing© Human Rights Center Viasna

IV

Аўтарытарная Беларусь была і дагэтуль застаецца суцэльнай «мінусоўкай». Без рэальнай шматпартыйнасці і палітычнай канкурэнтнасці, эфектыўнай сеткі недзяржаўных медыяў, прыватызацыі вядучых сфер эканомікі, дэцэнтралізацыі адукацыі і сістэмнай падтрымкі нацыянальнай культуры. У такім раскладзе прыдуманы прагрэсіўнай творчай меншасцю «праект Беларусь» усе гэтыя гады заставаўся роўна тым, чым мог адбыцца на выпаленым полі недадуманай нацыі: пасланнем ад нацыянал-рамантыкаў абыякаваму электарату.

Крыкам у фортку. Арт-інсталяцыяй. Фрык-парадам. Візіянерскімі доследамі.

Не грамадзянскім дзеяннем, а жэстам перформера.

Выйсці на плошчу да адміністрацыі прэзідэнта. На дзве хвіліны, пакуль не павяжуць. Патрапіць пад артыкул. Сесці на суткі. І зноў выйсці. І зноў сесці. І зноў выйсці. Каб пасля ў коле шырокай публікі ўціснуцца да анекдота: «Пушкін? Гэта той, хто тачку г/ўна Лукашэнку прывёз?» У канфлікце канцэпту, кантэнту і кантэксту непазбежна перамагаў кантэкст.

Ну не рубяць у тваім акцыянізме ў нас на раёне!

Алесь Пушкін: «Мы пражылі ў Бабры 13 гадоў, і сёння я канстатую факт: не патрэбны людзям кліч свабоды, не адгукаюцца душы, не ўзнікае рэзанансу ў іхніх душах. Я — адзіны прафесійны мастак на 32 тысячы жыхароў Крупскага раёну, але атрымліваецца, што і я не патрэбны. Мяне трактуюць як? Мацяршчыннік, нягоднік, бандыт. Засталося толькі, калі я на Купаллі крупнік вару і частую людзей, прыпісаць мне варэнне самагону і продаж. Вось калі для поўнай камплектнасці і гэты артыкул мне ўсабачаць — тады цалкам вясковы нягоднік атрымаецца». (2016)

Правінцыйны партызан — заўсёды кранальна і смешна. Паколькі яго вайна суседу няўцямная. І таму рэгулярна здаецца, што ваюеш адзін. Адбіваеш краіну, якой ўсё адно.

Яна цябе зжарэ. А ты ўсё роўна вяртаешся на радзіму. На расправу.

Такі выбар. Такая місія. Такая радзіма.

Ты тут гарыш, пакуль народ стаіць за півам. Але вось якая справа: ты інакш не можаш.

Праўда, і яны — таксама.

Ales Pushkin. Prison drawingAles Pushkin. Prison drawing© Human Rights Center Viasna

V

Сутнасць наяўнай сітуацыі — у рэзкім абвастрэнні разрыву сэнсаў. У вострым канфлікце публічных спектакляў, дзе адзін працуе на прыгажосць жэсту, а другі — на гатоўнасці закатаць суперніка ў асфальт.

Зваротны бок партызан-арта — наканаваная і натхнёная ахвярнасць. Партызан не выйграе. І не здаецца.

Алесь Пушкін: «Я праваслаўны артадокс. І гэта ляжыць у аснове таго, што я не шкадую сябе. Бо сказана ў Бібліі: “Пакутамі амыюся і пакутамі абялюся”. Мне больш павераць, калі я буду ісці босым па снезе і лягу сам, а не пакладу манекен ці падсцялю саломкі там, дзе трэба паваліцца… Толькі вера і нейкая ўсходняя ўтрапёнасць і робяць зь мяне гэтую бяду — мастака-перформера». (2002)

Як у амерыканскім кіно 1950-х: два аўто на начной аўтастрадзе ляцяць насустрач адзін аднаму. Хто збочыць — прайграў. У выпадку Пушкіна абодва бакі пайшлі да канца. Цалкам.

Ці магло быць інакш? Не. Не ў гэтым олдскульным кіно.

Тут кожны — закладнік сваёй праграмы. І адыгрывае сваю партыю па поўнай.

Ales Pushkin. Mother of God Mourning<br>Vishnyeva, Valozhyn District, Minsk RegionAles Pushkin. Mother of God Mourning
Vishnyeva, Valozhyn District, Minsk Region
© From a private archive

VI

Смерць Алеся Пушкіна пазначыла канчатковы закат эпохі дазволеных вольнасцяў. Распад ранейшых зручных канвенцый: «Мы тут наверсе парулім, а вы там унізе павесяліцеся!» Рэжым ліхаманіць. Сістэма ў гістэрыцы. Жыве даносамі і пасадкамі.

Не, пакуль яшчэ можна выпіць рыстрэта на летняй тэрасе, па знаёмстве патрапіць на кватэрную выставу і на пару гадзін прымроіць, што ўсё а’кей. Але пра прыкметную рэгулярную прысутнасць у публічным полі нефармату можна забыцца сур’ёзна і надоўга.

Рэжымам рухае логіка дваровага хулігана: «Спачатку драбязу, потым — акулярнікаў!» Спачатку адсочвалі мяцежнікаў па хроніках пратэсных маршаў. Пасля пайшлі з арыштамі і ператрусамі па культурніцкіх пляцоўках. Да выдаўцоў, мастакоў і арт-менеджараў.

Наўпрост на нашых вачах адбудоўваецца надзвычайны культурніцкі рэжым. Нуль сантыментаў. Зараз усё па-даросламу: ваш арт — наш страх. А артыкул знойдзецца на кожнага.

Цяперашняе беларускае паляванне на артыстаў — новы стары таталітарны стайл. Праполка чужароднага. Смяротная эстэтычная несумяшчальнасць, здольная перавесці сэнсавыя розначытанні ў культурны тэрор з летальным зыходам.

Алесь Пушкін: «Я адчуў маральнае права канстатаваць факт: наша дзяржава — неасталінская. Бо я ўбачыў рэакцыю дзяржавы на мастакоў, якія будзяць памяць пра тыя жахлівыя падзеі недалёкай гісторыі, якія адбываліся ва ўнутранай палітыцы дзяржавы — масавыя рэпрэсіі. Па сутнасці гэта зроблена таму, што дзяржава пакідае за сабой права рэпрэсаваць і далей». (2013)

Вайна культур пайшла на вайну з культурай. І дзіўны артыст, нефармальны патрыёт — ужо не блазнаваты маргінал, а відавочны вораг і палітычны супраціўнік. Улада — не агульны тата, а садыст і кат. Які зараз востра баіцца артыста — як роўнага.

Толькі вось мы не роўныя. Інструментарый не той. І сілавы рэсурс несувымерны.

Многае робіцца зразумелым, калі насустрач артысту выходзіць АМАП.

Тут няма правільных партый і ўдалага зыходу.

Ёсць простая дылема: ахвяра ці кат.

Ад гэтага часу ўвайсці ў клетку, каб згуляць сваё па-старому — (сама)забойства.

Ales Pushkin. Day and night. 2014Ales Pushkin. Day and night. 2014© From a private archive

VII

Час азірнуцца напрыканцы на ўжо адыграны пейзаж.

Пакаленне арт-партызанства часоў стартавай беларускай незалежнасці — нашы героі Галактыкі. Брыгада прагрэсараў мэтавага прызначэння. Адважных, але ў нечым вельмі савецкіх. Лятучых наладчыкаў нацыянал-дызайну. З наіўнай верай у тое, што крэатыў разгойдае краіну, шэры колер лепшы за чырвоны, Беларусь жыве ў слоўніку, рок-н-рол выратуе ад «Масквы ў галаве», а стыль лечыць ад глупства.

Сюжэт рамантычнага нацыянальнага перформансу — выдатная сыходзячая натура, аб якой карціць казаць парадоксамі. Авангард без ар’ергарда. Выдатныя безнадзейныя. Прыгожыя. Адчайныя. Незапатрабаваныя. Эксперыментатары мінскага разліву. Дзеці кішэнных альбомчыкаў ван Гога і Далі. Імправізацыйныя палітыкі. Іканапісцы і рэстаўратары. Візіянеры ды ідэалісты. Самураі адраджэння. Накіды немагчымага заўтра.

З Беларуссю аднойчы здарылася культура фантазёраў і піжонаў, аматараў паганскага этна, нямецкага індастрыялу, французскага постмадэрну, прыкладнога будызму і польскага панк-року. Прынцыпова несумяшчальная з калгасным рэжымам і правінцыйнай масоўкай.

У іх быў план для краіны. Але не было краіны для гэтага плана. І радзіма іх адпусціла. Тых, хто здолеў ацалець.

Стракатыя гульні скончыліся. Час зламаўся. Ізноў.

Праекты здохлі. Летуценнікі павыгаралі. Настаў час праваслаўнага спецназа, арт-пакутнікаў і аварыйных мігрантаў.

Хочаш новай краіны? Зрабі, каб усе яны сталіся немагчымымі.

[∗] У тэксце скарыстаныя цытаты Алеся Пушкіна з інтэрв’ю «Радыё Свабода» розных гадоў.

LATEST
Das Leben unterm TischBelarus
Das Leben unterm Tisch 

Im Angesicht der ungewissen Zukunft spielt eine belarussische Schriftstellerin mit der Vergangenheit

20 December 2023
Russlands MitschuldArmenia
Russlands Mitschuld 

Wie Russland im Spiel um seine eigenen geopolitischen Interessen den Berg-Karabach-Konflikt als Trumpf nutzte

12 December 2023